28-мы фестываль «Бардаўская восень»
З 27 па 29 кастрычніка на Падляшшы – у Бельску, Орлі і Беластоку – адбудзецца 28-мы фестываль «Бардаўская восень», арганізаваны Фондам Tutaka.
У фестывалі плануюць узяць удзел некалькі дзясяткаў выканаўцаў – бардаў і прадстаўнікоў тэатральных калектываў.
Летась пасля двухгадовага перапынку, фестываль вярнуўся ў абноўленым фармаце. Цяпер на ім гучыць не толькі музыка, але адбываюцца літаратурныя і тэатральныя выступы.
27 кастрычніка 28-мы фестываль «Бардаўская восень» распачнецца ў Бельску Падляшскім.
У Бельскім Доме культуры адбудзецца канцэрт – мастацкая дзея „Край”. На ім зайграе і заспявае Кацярына Ваданосава, а SandArt-мастачка Аляксандра Канафальская будзе маляваць карціны пяском непасрэдна падчас выступу. У канцэрце прымуць удзел Ганна Лепяшкевіч – цымбалы, Ігар Палынскі – гітара, Стэфанія Ваданосава – скрыпка.
Таксама адбудуцца ўручэнне Прэміі імя Міхала Анемпадыстава і дыскусія пра стан сучаснай беларускай літаратуры. Завершыцца вечар канцэртам гурта Relikt.
Пачатак а 18-й гадзіне ў Бельскім Доме культуры.
28 кастрычніка фестываль працягнецца ў Орлі.
Падзеі гэтага дня: канцэрт мастака і барда Алега Кабзара, дыскусія «Беларуская літаратура Падляшша», выступленне Змітра Вайцюшкевіча і WZ-Orkiestra.
Пачатак а 17-й гадзіне ў Гмінным Асяродку Культуры.
29 кастрычніка фінальны дзень «Бардаўскай восені» пройдзе ў Беластоку.
У гэты дзень адбудуцца дзве прэм’еры – тэатральная і музычная – і адзін канцэрт.
Гэта прэм’ера спектакля „Святло ў цемры” Тутэйшага тэатра, прэм’ера праграмы „Арка” музычнага праекта ZUI і канцэрт гурта :B:N:.
Пачатак а 17-й гадзіне ў Беластоцкім Тэатры Лялек.
Уваход на ўсе мерапрыемствы бясплатны і без запрашэнняў.