28-мы дзень акцыі ля Мядзінінкая



Намётавае мястэчка беларускіх пратэстоўцаў непадалёк ад памежнага пераходу на мяжы Летувы з Беларуссю не збіраецца згортвацца.

2-3 чалавекі знаходзяцца там пастаянна, ладзяць пікетаванне ля шашы. Пра гэта нам паведаміў каардынатар акцыі Віталь Алейнік. Іншыя ўдзельнікі Вераніка Мішчанка і Алег Майсееў распавялі, калі разлічваюць вярнуцца на Радзіму.

– Я хачу павіншаваць Лукашэнку з днём нараджэння пад Палацам незалежнасці, як у мінулым годзе. Спадзяюся, што гэта будзе ў жніўні. Жнівень вельмі добры месяц для падзення рэжыму.

 – Дажымкі ў жніўні.

Патрабаванні пратэстоўцаў застаюцца ранейшымі: эфектыўныя санкцыі з боку Еўразвязу, свабодныя выбары і адкрыццё наземных межаў з боку Беларусі. Вераніка Мішчанка выказала падзяку беларускім памежнікам.

– Прыехалі мае знаёмыя. І я хачу падзякаваць беларускім памежнікам, сапраўдным афіцэрам, якія ноччу прапусцілі ўвесь аўтобус, усіх хто ехаў у Экалайнсе, усе прыехалі, нікога не ссадзілі. Дарэчы, Мінсктранс тут ездзіць па-ранейшаму паміж Менскам і Вільняй. Праўда, з Вільні яны едуць практычна пустыя – адзін-два чалавекі. З Менску аўтобусы ўжо ішлі поўныя. І людзі выязджаюць. У кагосьці атрымліваецца выехаць.

 Чарговых блакаванняў транспартнага руху ўдзельнікі пікету ля Мядзінінкая пакуль не рыхтуюць. Пратэстоўцы чакаюць на развіццё падзеяў з анансаваным на ліпень 5-ым пакетам санкцыяў Еўразвязу супраць рэжыму Лукашэнкі.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя