3 траўня Польшча адзначае Дзень Канстытуцыі
Трэцяга траўня для сучаснай Рэспублікі Польшчы – дзяржаўнае свята. 228 гадоў таму Рэч Паспалітая абодвух народаў ператварылася ў феадальную канстытуцыйную манархію.
Для палякаў, канстытуцыя сталася крокам да дэмакратыі, але дэмакратыя тая была эксклюзіўнай. Для беларусаў жа, як для сялянскага народу ў той час, канстытуцыя не дала, як эканамічных, так і палітычных правоў.
Кажа гісторык Алесь Краўцэвіч:
– Не адмянілі прыгоннае права – перажытак, які тармазіў усё развіццё гаспадаркі і сацыяльнае развіццё ўсёй Рэчы Паспалітай. Людзі, каторыя гэтага дамагліся, не змаглі адмяніць каардынальныя правы шляхты. Гэта тое – што шляхта адзіны палітычны народ, адзіныя маюць палітычныя правы, што захоўваюць усе правы на сялянаў. Толькі дэкларавалася, што ўрад, улада, кароль будуць мець апеку над гэтымі сялянамі прыватнаўласніцкімі. А фактычна яны засталіся ўласнасцю гэтых феадалаў. І ў гэтым такі недахоп гэтай канстытуцыі для нас.
У Беларусі гэты дзень ніколі не адзначаўся як дзяржаўнае свята, хаця роля яго ў айчыннай гісторыі вывучаецца і шырока вядомая. Таму падзеі Трэцяга Траўня 1791 года беларускай навукай цяпер разглядаюцца, як станоўчая з’ява, але запозненая і неістотная ў паляпшэнні палітычнага і эканамічнага жыцця беларускага насельніцтва тагачаснай Рэчы Паспалітай.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя