31-ая сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі
У Нью-Ёрку адбылася 31-ая сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі. Беларусы ЗША і Канады традыцыйна збіраюцца на сустрэчы раз на два гады. Другі дзень сёлетняй сустрэчы пачаўся з прывітанняў, з якімі выступілі прадстаўнікі беларускіх арганізацый Канады, Чыкага, Флорыды, Вашынгтону, было зачытанае прывітанне ад Зянона Пазьняка. Удзел у сустрэчы прыняло каля ста беларусаў, сярод іх – старшыня беларуска-амерыканскага задзіночання БАЗА Ганна Сурмач:
– Можна сказаць, што мы не спадзяваліся на такую актыўнасць. Прыемна, што з Канады прыехала дэлегацыя, два гаты таму мы туды ездзілі. Прыехалі прадстаўнікі нашых «базаўскіх» суполак: з Флорыды, з Чыкага і Вашынгтона. Галоўнымі дзеючымі асобамі культурнай часткі нашай праграмы з’яўлялася цудоўная сям’я беларускіх музыкаў з Гарадзеншчыны – Валянціна і Таццяны Дзямешчыкаў і іх двое дарослых дзяцей – дачкі і сына. Яны цудоўна граюць беларускія мелодыі.
Нягледзячы на аптымізм арганізатараў, пытаннем застаецца як прыцягнуць больш беларусаў да актыўнага ўдзелу ў жыцці дыяспары Паўночнай Амерыкі. Толькі ў ЗША кожны год 400 беларускіх сем’яў выйграюць Грын-кард.
* * *
Беларуская дыяспара Паўночнай Амерыкі актыўна рэагуе на закон „Аб беларусах замежжа”, прыняты Палатай Прадстаўнікоў Беларусі ў гэтым годзе. Публічнае абмеркаванне адбылося ў рамках 31-ай сустрэчы беларусаў у Нью-Ёрку. Расказвае старшыня беларуска-амерыканскага задзіночання БАЗА Ганна Сурмач:
– Цікавым было абмеркаванне новага закону, які прымаецца ў Рэспубліцы Беларусь пра замежных беларусаў. Гаварылася пра тое, што сам па сабе факт – гэта добра, што закон ёсць, але гаварылася пра тое, што няма такога спадзеву, што гэты закон у сучасных умовах, у сучаснай сітуацыі ў Беларусі істотна дапаможа беларускай дыяспары.
Беларуская супольнасць Паўночнай Амерыкі выразна занепакоеная агульнасцю фармулёвак новага заканадаўчага акта. Вартасць закону будзе залежыць ад дадатковых распараджэнняў, патрэбных дзеля яго прымянення на практыцы.
Паліна Прысмакова, Беларускае Радыё Рацыя
Фота bazahq.org