38 карцін 18-ці мастакоў з Гарадзеншчыны ў Беластоку



У мастацкай галерэі “Nowy świat” адкрылася патрыятычная выстава “Гісторыя Польшчы праз стагоддзі”.

Перадусім гэта палотны ў жанрах партрэта і баталіі, прысвечаныя знакамітым персонам і гістарычным падзеям ад хрышчэння Польшы да часоў “Салідарнасці”. Нягледзячы на назву, экспанаты распавядаюць пра гісторыю некалькіх краін, сярод якіх ёсць і Беларусь, перакананы куратар і ўдзельнік выставы, мастак Генадзь Піцко:

– Гэта таксама звязана з гісторыяй Беларусі, з гісторыяй Літвы, з гісторыяй Польшчы. Мы аб’ядноўваем розныя праекты, звязаныя і з Беларуссю ў тым ліку. Так як праект, звязаны з ІІ Сусветнай вайной, з абаронай Гародні, у Войску Польскім служыла не менш за 50 тысяч беларусаў, якія мужна служылі, аддавалі сваё жыццё. Але яны аддавалі жыццё за сваю Радзіму. Таму мы не дзелім у сваёй творчасці Беларусь і Польшчу.

Частка карцін, што склалі экспазіцыю, ужо паказвалася ў Гданьску, Пултуску, Лохаве, Варшаве ды іншых гарадах Польшчы у рамках выставы “Бог. Гонар. Айчына”. Чаму ў Беластоку паўстала новая назва, тлумачыць Генадзь Піцко:

– “Бог. Гонар. Айчына” – вельмі вялікая выстава, больш за 60 прац. Прымалі ўдзел 28 мастакоў з Гародні, Ваўкавыска і Берасця. Прайшла трансфармацыя, таму што з’явілася шмат новых прац, больш за палову – гэта новыя працы. Выстава хадзіла па Польшчы паўтара года, мы яе закрылі. І папросту гэта новы праект, які мы зрабілі тут.

Выстава “Гісторыя Польшчы праз стагоддзі” ладзіцца пад патранатам Ваяводы Падляшша, Маршалка Падляшскага ваяводства, Прэзідэнта Беластока, Старасты Беластоцкага павета, Інстытута нацыянальнай памяці, Музея войска, Музея памяці Сібіры і беластоцкіх СМІ.  З экспазіцыяй можна пазнаёміцца да 30 верасня ў мастацкай галерэі “Nowy świat”.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя