40-вы нэтворкінг беларусаў Батумі
Грузінскі Батумі з’яўляецца адным з гарадоў, куды пасля рэпрэсіяў 2020 года і рэлакацыяў 2022 года з’ехала вялікая колькасць беларусаў. Адным з месцаў, дзе збіраюцца актыўныя беларусы, – гэта беларускі нэтворкінг, дзе адбылася ўжо 40-я сустрэча.
Пра тое, чым адметныя такія сустрэчы, і пра ідэю іх стварэння распавядае Сяргей, адзін з арганізатараў беларускага нэтворкінга ў Батумі:
– Прыехалі з розных гарадоў, вырваліся са сваіх сацыяльных асяродкаў, былі вельмі адзінокія. Не хапала кантактаў, не хапала шчырасці, цеплыні, сяброўства. Таму што вырваліся ад сваіх знаёмых, сяброў, не было шмат каго з родных. Гэта быў такі добры момант, калі можна было людзям прапанаваць новы сацыяльны круг, каб пазнаёміцца, прычым рабіць гэта сістэмна з людзьмі на базе адных каштоўнасцяў.
Удзельнікі нэтворкінга шчыра ўсцешаныя такім спосабам камунікацыі ў Грузіі:
– Мне падабаецца знаёміцца з новымі людзьмі, даведвацца шмат новага. Я тут адзін, таму мне даволі важна сюды хадзіць, каб падтрымліваць нейкія зносіны з людзьмі.
– Я хаджу на нэтворкінгі, таму што я жыву не зусім у Батумі, у Гоніа, і большую частку я правожу там сам па сабе, і мне не хапае з кімсьці паразмаўляць, такіх жывых зносін. Таму я і прыходжу сюды, таму што тут вельмі ўтульна, вельмі шмат цікавых людзей, з якімі можна пазнаёміцца, паразмаўляць пра штосьці. І гэта асноўная мэта, чаму я прыходжу сюды.
Беларускі нэтворкінг адбываецца ў каворкінгу LinX, але ў бліжэйшы час у Батумі з’явіцца і другое падобнае «месца для размоваў», а таксама беларускі нэтворкінг з Батумі адчыніць свае філіялы ў Вільні і Варшаве, куды пераехалі ўдзельнікі «батумскага нэтворкінг».
Беларускае Радыё Рацыя