57 ахвяраў грыпу ва Украіне
Эпідэмія грыпу ва Украіне набывае катастрафічны характар. Ахвярамі хваробы сталі ўжо 57 чалавек.
Як і большасць ўкраінскіх праблемаў, гэтая таксама прыйшла з Усходу. Грып, які выбухнуў на Данбасе, імкліва распаўзаецца па ўсёй тэрыторыі Украіны. Праўда, паводле прэс-службы Міністэрства аховы здароўя, гаварыць пра пандэмію пакуль заўчасна. Медыцынскія чыноўнікі напалягаюць, што інфармацыя пра масавыя смерці вымагае праверкі. Паводле прэс-службы Міністэрства аховы здароўя, пакуль лабараторна пацверджана толькі 25 лятальных выпадкаў.
Але ж весткі з рэгіёнаў выглядаюць пагрозліва: у Данецкай вобласці ад грыпу памерлі 31 чалавек, у Адэскай – 16, у Вініцкай – 6, яшчэ 4 асобы памерлі ў Кіеве. У Кіеўскай, Данецкай, Вініцкай, Харкаўскай, Мікалаеўскай і Адэскай абласцях, а таксама ў Сумах і Чаркасах праз каранцін зачыняюцца школы.
Тым часам украінцы масава скупляюць у аптэках антыбіётыкі, гарачкапаніжальныя лекі і марлевыя маскі.
Імаверна, што эпідэмія будзе распаўсюджвацца на поўнач і захад Украіны. У памежных з Беларуссю рэгіёнах пакуль зафіксаваныя толькі адзіныя выпадкі хваробы.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя