60 гадоў таму памёр кампазітар Ян Тарасевіч
60 гадоў таму ў Беластоку памёр беларускі кампазітар, фалькларыст і педагог Ян Тарасевіч.
Ян Тарасевіч
Доўгі час ён заставаўся забытым, а нанова адкрываць кампазітара пачалі толькі ў 90-х гадах.
Цяпер вывучэннем творчасці Тарасевіча займаецца кампазітар і дэрыжор Шымон Борыс:
– Цяпер такім найважнейшым крокам з’яўляецца тое, каб усю гэтую творчасць, якая захоўваецца ў розных месцах, на жаль цяжкадаступная, калі ідзе пра рукапісы, каб гэта сабраць, каб гэта апрацаваць, каб вывучыць і вярнуць. Гэтага даволі шмат, калі добра памятаю, то ў Менску знаходзіцца 111 твораў, а можа быць дзесьці яшчэ штосьці ёсць.
Згодна з тастаментам, Ян Тарасевіч пахаваны на праваслаўных могілках у Саколцы, што на Беласточчыне. Яго магіла, адшуканая ў 90-х, знаходзіцца непадалёк ад уваходу ў капліцу.
Мемарыяльная шыльда ў Саколцы
Нотныя рукапісы кампазітара захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў Менску. Некаторыя асабістыя рэчы захоўваюцца ў Беларускім гістарычным таварыстве ў Беластоку, у тым ліку аўдыёстужка з аўтарскім выкананнем.
У планах Шымона Борыса зладзіць у Саколцы рэгулярны фестываль імя Яна Тарасевіча.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя