74-я гадавіна Варшаўскага паўстання (абноўлена)



1 жніўня 1944 года ў сталіцы Польшчы пачалося Варшаўскае паўстанне супраць нямецка-фашыстоўскай акупацыі. Яно стала самай маштабнай узброенай аперацыяй падпольных ваенных фармаванняў Польшчы супраць Трэцяга Рэйху з мэтай вызвалення Варшавы. За вызваленне сталіцы змагаліся не толькі вайскоўцы, але і цывільныя.

Узгадвае беларускі гісторык Ігар Мельнікаў:

– Варшаўскае паўстанне – гэта перш за ўсё жыхары Варшавы, цывільныя людзі падняліся. Зброі не хапала. Там 30 тысяч чалавек было. Наколькі памятаю, было 700 аўтаматаў, вінтовак не хапала. І зброю альбо рабілі самі, альбо вымушаны былі трафейнай карыстацца. Жыхары Варшавы гучна сказалі, што яны хочуць жыць незалежна, і імкнуліся вызваліць галоўны сімвал сваёй краіны.

Паўстанне супала з набліжэннем частак Чырвонай арміі да ўсходняй ускраіны горада і адступленнем нямецкіх войскаў. Падчас баёў з немцамі загінулі каля 18 тысяч паўстанцаў, а таксама прыкладна 140 тысяч мірных жыхароў горада, у тым ліку шмат жанчын і дзяцей. Савецкія войскі назіралі за падзеямі ў Варшаве з другога боку ракі Віслы.

Кажа гарадзенскі гісторык Алесь Смалянчук:

– Савецкія гісторыкі пазней сцвярджалі, што заканчвалася вялікая наступальная аперацыя Багратыён, у выніку якой саветы вызвалілі ад немцаў Беларусь, і нібыта часткі ўжо не мелі сілаў на далейшае наступленне. Але падобна на тое, што Сталін проста ў той час вельмі негатыўна адносіўся да Польшчы і проста вырашыў рукамі немцаў пакараць палякаў, знішчыць польскую інтэлігенцыю, фактычна знішчыць Варшаву. Урэшце рэшт, са студзеня 45 года, Чырвоная Армія заняла Варшаву. Даволі шмат загінула тыда салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі на тэрыторыі Польшчы, каля 600 тысяч загінула.

Выступаючы напярэдадні перад ветэранамі Варшаўскага паўстання на плошчы Красінскіх прэзідэнт Анджэй Дуда выказаў ім падзяку за свабодную Польшчу. «Гэта дзякуючы вам, мы сёння тыя, хто мы ёсць, і там, дзе мы ёсць – у свабоднай, суверэннай, незалежнай Польшчы, якую вы самі аднавілі і дапамаглі аднавіць двум малодшым пакаленням. Нізкі вам за гэта паклон», – сказаў Анджэй Дуда.

* * *

Пайшлі паміраць, каб жыла вольная Польшча. Палякі адзначаюць 74-ю гадавіну Варшаўскага Паўстання.

1 жніўня а 10:00 пад помнікам Арміі Краёвай па вул. Кілінскага ў Беластоку ў 74-ю гадавіну паўстання падляшскі ваявода Багдан Пашкоўскі і прадстаўнікі сілавых структур ускладуць да помніка вянкі.

Ушанаванне паўстанцаў пачалося яшчэ 31 ліпеня. Сёння ў польскай сталіцы таксама пройдзе шэраг памятных мерапрыемстваў, перадае наш карэспандэнт Адам Завальня:

31 ліпеня, калі перадавыя сілы Чырвонай Арміі набліжаліся да размешчанага на ўсходнім беразе Віслы варшаўскага раёна Прага, камандавалы „Арміі Краёвай” (АК) Тадэвуш Камароўскі (псеўданім „Бур”) аддаў загад пра пачатак паўстання ў горадзе. Да аперацыі, якая пачалася пасля абеду 1 жніўня пад камандаваннем кашталяна варшаўскай вобласці палкоўніка Антоній Хрустэля (псеўданім „Мантэр”), прыступілі прыблізна 23 тысячы салдат АК.

Варшаўскае паўстанне было адной з найбуйнейшых бітваў Другой сусветнай вайны: загінулі 10 тысяч паўстанцаў, 7000 прапалі без вестак. Вялікія страты панеслі немцы – загінулі каля 10 тысяч жаўнераў, каля 6 тыс. прапалі без вестак, знішчана 300 танкаў, гармат і бронеаўтамабіляў.

Пасля 63 дзён барацьбы паўстанцы склалі зброю, аднак, нягледзячы на паразу паўстання і вялікія ахвяры — знішчэнне гораду і страту пакалення маладых людзей — варшаўскае паўстанне было гераічным актам барацьбы польскага народа за свабоду і замацавала польскую свядомасць у часы панавання камуністычнага рэжыму ў Польшчы.

Беларускае Радыё Рацыя