74 гады таму быў забіты Аляксандр Валкавыцкі
17 красавіка спаўняецца 74 гадавіна з дня расстрэлу беларускага дзеяча і настаўніка Аляксандра Валкавыцкага. Прычынай забойства была дзейнасць у ролі „камуністычнага арганізатара”, якая яму закідалася польскім антыкамуністычным падполлем.
Паводле дакументаў, якія захоўваюцца ў беластоцкім архіве, Аляксандр Валкавыцкі падаў заяву на ўступленне ў Польскую рабочую партыю ў канцы снежня 1944 году. У заяўцы ў рубрыцы ранейшая дзейнасць – прыналежнасць да партый ці рухаў не пазначана.
„Аляксандр Валкавыцкі стаў камуністычным героем у 1968 годзе, калі ягонае імя надалі школе і вуліцы ў Нараўцы”, – кажа гісторык, прафесар універсітэту ў Беластоку Алег Латышонак:
– Як раз у камуністычнай улады было запатрабаванне на камуністычных герояў і ён толькі тады мусіў стаць героем змагання за камуністычную ўладу ў Польшчы. Яго такім прадстаўлялі, што таксама адыгрывае сваю ролю ў людской памяці.
17 красавіка 1945 году ў Нараўцы аддзел польскага ўзброенага падполля расстраляў сакратара грамадскай рады Пётра Кабаца, войта гміны Яна Ляшчынскага, ляснічага Мікалая Леўшу і настаўніка Аляксандра Валкавыцкага. Імёны расстраляных у 1945 годзе зніклі з адноўленага год таму помніка ў цэнтры Нараўкі, а мясцовая школа і вуліца ўжо не носяць яго імя.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя