74-я гадавіна трагедыі вёскі Патока



74 гадавіну знішчэння вёскі Патока, што ў Міхалоўскай гміне, адзначаць адмысловай малітвай.

У 17 гадзінаў у новай капліцы жыхары Патокі і іх нашчадкі збяруцца ўжо чацвёрты раз разам з айцом Аляксандрам Аляксеюком, каб памаліцца за бязвінныя ахвяры дзеянняў польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем маёра Зыгмунта Шэндзеляжа (псеўданім Лупашка). Ведаю гісторыю Патокі і буду на гэтых урачыстасцях, кажа намеснік бургамістра Міхалова Конрад Сікора:

– Упэўнены, што кожнае злачынства патрабуе асуджэння, незалежна ад таго, хто яго здзейсніў. І тут няма апраўдання, калі размова ідзе пра такога роду дзеянні. Гэтае здарэнне з’яўляецца значнай часткай ідэнтычнасці гміны Міхалова, Патокі. У сувязі з гэтым мы нічога не хаваем, гаворым наўпрост: так было. Як гміна адносімся да гэтага мерапрыемства толькі пазітыўна, бо належыць ушанаваць памяць.

Салдаты Лупашкі спалілі Патоку 22 траўня 1945 году. У пажары загінулі трое дзяцей 10-ці 8-і і 6-ці гадоў, абгарэў мужчына, які праз два дні памёр. Раней, 16 траўня, тыя ж салдаты  расстралялі 4 іншых жыхароў Патокі. У памяць пра  гэтыя падзеі на месцы, дзе раней была царква, прадпрымальнік  Андрэй Шум пабудаваў невялікую царкоўку.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя