75 гадоў Народнаму сходу Заходняй Беларусі
75 гадоў таму закончыўся ў Беластоку Народны сход Заходняй Беларусі. Напрыканцы кастрычніка 1939 года рашэннем дэлегатаў схода акупаваныя саветамі землі тагачаснай паўночна-ўсходняй Польшчы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. Заходняя і ўсходняя часткі тэрыторый Беларусі аб’ядналіся ў адной дзяржаве, падпарадкаванай Савецкаму Саюзу. Паводле гісторыка прафесара ўніверсітэта ў Беластоку Яўгена Мірановіча, саветы ўжо з першага дня пачалі наладжваць сярод жыхароў гэтых тэрыторый свае парадкі.
– Было прынята рашэнне правесці канфіскацыю маёмасці, якая належыла капіталістам, вялікім землеўладальнікам, касцёлам, цэрквам. Таксама Народны сход паклікаў уладу, якая фактычна ўжо існавала – райвыканкамы, аблвыканкамы. Фармальна было зацверджана, што прадстаўнікі народу прымаюць такую ўладу.
Тэрыторыі паўночна-ўсходняй Польшчы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР фармальна 2 лістапада 1939 года і засталіся ў яе межах да чэрвеня 1941 года, калі пачаўся напад Нямеччыны на Савецкі Саюз.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя