75 гадоў таму пачаліся расстрэлы ў Курапатах (абноўлена)



3 красавіка – чорная дата ў нашай гісторыі. У гэты дзень у 1940 годзе, аддзелы НКВД пачалі масавыя расстрэлы палонных афіцэраў Польскага войска ў Катыні, Мядовым і Курапатах. Агульны лік ахвяраў – 16 тысяч.

Сярод расстраляных было шмат беларусаў-вайскоўцаў. У адных толькі Курапатах замардавалі каля пяці тысяч ваенна-палонных, якія склалі зброю ў Заходняй Беларусі.

Адзін з палонных, якому пашчасціла выжыць – пісменнік Юзэф Чапскі – назваў пасля гэтага сталінскую Расею – „бесчалавечнай зямлёй”.

„Дваццатае стагоддзе не ведве другога такога злачынства”, – сказаў прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі падчас урачыстасцяў прымеркаваных да 75-й гадавіны, якія адбыліся перад магілай невядомага жаўнера ў Варшаве.

Браніслаў Камароўскі адзначыў, што такая страшная ахвяра не будзе забытай, асабліва на фоне цяперашняй геапалітычнай сытуацыі, калі ў некаторых дзяржавах адраджаюцца імерскія тэндэнцыі:

– Як доўга будзе трываць Польшча? Чарговыя пакаленні будуць аддаваць даніну павагі катынскім героям, будуць удзячныя за вольную і суверэнную Польшчу аплачаную найвышэйшай ахвярай.

Вясной 1940 года НКУС па загаду Сталіна і ягонага палітбюро расстраляла каля 22-х тысяч грамадзян Польшчы, якія ўтрымліваліся ў лагерах і турмах на тэрыторыі Савецкага Саюза.

Сярод забітых былі афіцэры польскага войска, паліцыянты, чыноўнікі, лекары, навукоўцы, духоўныя, літаратары і грамадскія дзеячы, сярод якіх былі таксама і беларусы па нацыянальнасці. 3-га красавіка НКУС пачаў ліквідацыю лагера ў Казельску, а ў наступныя дні былі лліквідаваныя лагеры ў Асташкаве і Старабельску.

Беларускае Радыё Рацыя