76-ая гадавіна спалення вёскі Залешаны
“Памятаем мы і будуць памятаць пакаленні, бо тут загінулі бязвінныя людзі”, – кажа Сяргей Нічыпарук – нашчадак ужо пасляваеннага пакалення залешанцаў. У Залешанах малітвай ля пакутнага крыжа, раней у мясцовай царкве, ушанавалі памяць 16 жыхароў вёскі, спаленых або застрэленых жаўнерамі польскага антыкамуністычнага падполля пад камандаваннем Рамуальда Райса пад псеўданімам Буры.

Узгадваюць жыхары вёскі:
29 студзеня 1946 года аддзел Рамуальда дашчэнту спаліў вёску. Сярод 16 загінулых – васьмёра малых дзяцей, якія жыўцом згарэлі.
З 29 студзеня па 2 лютага 1946 года аддзел «Бурага» спаліў 5 вёсак, у якіх жылі праваслаўныя беларусы (Залешаны, Волька Выганоўская, Шпакі, Зане і Канцавізна). Цягам 5 дзён ад рук жаўнераў Бурага загінула 80 чалавек.
У 2020 годзе Польская праваслаўная царква кананізавала загінулых як падляшскіх пакутнікаў. Памяць залешанскіх пакутнікаў у кляштары Святой Кацярыны ў Залешанах адзначаюць у апошнюю нядзелю ліпеня.




Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
