80 гадоў таму пачалося паўстанне ў беластоцкім гета



16 жніўня 1943 году ў Беластоцкім гета пачалося паўстанне. Гэта было другое пасля паўстання ў Варшаўскім гета, паўстанне габрэйскага насельніцтва супраць нацыстаў. Яго арганізавала, а затым і ўзначаліла Баявая арганізацыя антыфашыстаў.

Паўстанне пачалося  пасля паведамлення пра падрыхтоўку немцамі ліквідацыі беластоцкага гета, звязанага з увядзеннем у дзеянне газавых камер у лагеры смерці Асвенцім. Паўстане было асуджана на правал з самага пачатку. Працягвалася крыху больш за суткі, у наступныя некалькі дзён абараняліся яшчэ некалькі пунктаў супраціву.

Лідары паўстання Мардэхай Тэненбаўм і Даніэль Машковіч, сутыкнуўшыся з безнадзейнасцю сітуацыі, скончылі жыццё самагубствам. Неўзабаве гета было ліквідавана, а яго жыхароў перавезлі ў канцлагеры ў Трэблінцы, Майданэку, Асвенціме і Тэрэзіне.

З больш чым 60 тысяч беластоцкіх габрэяў у жывых засталося толькі некалькі сотняў.  Сёння ў Беластоку адбудуцца галоўныя ўрачыстасці з нагоды 80-х угодкаў паўстання ў гета.

У 12.00 будуць уключаны сірэны трывогі, а ў 14.00 на вул. Dąbrowskiego 20, адбудзецца закладка камянёў, прысвечаных сям’і Самуэля Пісара – ацалелага з беластоцкага гета і канцэнтрацыйнага лагера ў Асвенціме.

Беларускае Радыё Рацыя