850 тыс. злотых на пашырэнне культурнай адукацыі і крэатыўнасці
850 тысяч злотых атрымае Ваяводскі асяродак анімацыі культуры на пашырэнне культурнай адукацыі і крэатыўнасці ў розных галінах мастацтва.
Гэтыя грошы асяродак хоча прызначыць на праект «Падляшскі памост культуры». Сродкі пойдуць на падрыхтоўку настаўнікаў, інструктараў ды аніматараў культуры.
Культурныя ўстановы, арганізацыі, але і прыватныя асобы таксама змогуць атрымаць дафінансаванні ў памеры каля 10 тысяч злотых на розныя культурныя праекты, кажа дырэктар Ваяводскага асяродка культуры Цэзары Мелько:
— Мы вядзем набор на заняткі. Вядома ў тых асяродках, дзе ёсць найбольшая патрэба. У тых занятках прымае ўдзел сорак чалавек, сярод якіх мы выбіраем найбольш цікавыя праекты. Мы разглядаем гэта так, каб мець пэўнасць, што там, куды пойдуць дзяржаўныя грошы, гэтыя мэты будуць рэалізаваныя належным чынам.
Праект будзе рэалізоўвацца да 2018 года. Сёлета плануецца 12 дафінансаванняў у памеры 10 тысяч на культурныя праекты. У наступныя гады Ваяводскі асяродак культуры хоча фінансаваць па 20 праектаў штогод.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток