У Луцку спаборнічаюць фотамайстры Польшчы, Беларусі і Украіны



У Луцку стартаваў конкурс мастацкіх фотаздымкаў “На ўсходзе, на захадзе – Польшча, Беларусь, Украіна”, прысвечаны сумежжу трох краінаў.

Беларуска-украінска-польскае памежжа –  край унікальных звычаяў, культурных і ландшафтных сваеасаблівасцяў, а таксама прыклад добрых адносінаў людзей розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Гэтая непаўторнасць вартая таго, каб адлюстраваць яе праз мастацкі аб’ектыў. Такой думкі прытрымліваюцца арганізатары творчага спаборніцтва фатографаў “На ўсходзе, на захадзе – Польшча, Беларусь, Украіна”.

Конкурс праводзіцца па трох намінацыях: “партрэт”, “бясконцасць краявідаў” і “кароткія гісторыі”. Браць удзел у фотаконкурсе могуць беларусы, украінцы і палякі. Лепшыя здымкі будуць экспанаваныя ва ўсходняй Польшчы, заходняй Беларусі і на захадзе Украіны, а пераможцы атрымаюць запрашэнне на адмысловую фотавыставу ў Брусэлі.

Для Беларускага Радыё Рацыя – Марцін Война, Украіна.