АБ-БА напіша кнігу пра беларусаў Падляшша
Год дзейнасці стратэгіі развіцця беларускай асветы ў Польшчы споўніцца ў красавіку гэтага года. Дакумент вызначаў накірункі і канкрэтныя дзеянні, якія неабходна зрабіць для падтрымання развіцця адукацыі беларускай меншасці.
Некаторыя пункты, якія змешчаны ў праграме ўжо рэалізуюцца, адзначыла ў эфіры нашага радыё Барбара Пякарская з Аб’яднання беларускіх бацькоў у карысць дзяцей і моладзі ў Беластоку „АБ-БА”:
– Тое, што мы хацелі, мы фактычна зрабілі. У планах, сярод іншага, было стварэнне метадычнага дапаможніка для настаўнікаў, наша аб’яднанне ўзялося за гэтую працу. На днях першы нумар павінен пабачыць свет, другі нумар будзе пасля канікул. Таксама мэтай было напісанне кнігі „Гісторыя беларусаў Падляшша” – гэта было запланавана на 2016 год, усё паказвае, што так і будзе.
Пры гэтым год пасля прыняцця стратэгіі паказвае і негатыўныя вынікі, летась беластоцкая гімназія №7 і ІІІ Агульнаадукацыйны ліцэй у Беластоку не набралі ахвотных вывучаць беларускую мову ў першых класах гэтых навучальных установаў.
Беластоцкі ўніверсітэт спыніў набор на беларускую філалогію, а згаданая беларуская этнафілалогія ў гэтым універсітэце так і не ўзнікла.
Беларускае Радыё Рацыя