АББА ладзіць летнік у Краснагрудзе
Аб’яднанне АББА ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, зараз ладзіць у Краснагрудзе летнік. Ён арганізаваны для дзяцей, якія вучаць беларускую мову ў школе №4 у Беластоку.
Гутарым з настаўніцай беларускай мовы Алінай Ваўранюк:
– Тут у пары крокаў ад нас Літва. Са мной таксама працуе настаўніца Тамара Карнялюк. Вельмі шкада, што вы не можаце ўбачыць усю тую прыгажосць, якая вакол нас! Упершыню мы паехалі так далёка – на поўнач нашага ваяводства. Сваю беларускую культуру мы добра ведаем, а зараз будзем пазнаваць бліжэй культуру нашых суседзяў, нашых сяброў – літоўцаў, якія жывуць тут, у Польшчы. Такіх жа аўтахтонаў, як і мы. Мы паедзем у Сэйны, наведаем там літоўскую школу. Таксама ў аўторак збіраемся паехаць у Пуньск. Там наведаем Дом літоўскай культуры.
РР: Ці ахвотна вучні збіраюцца на такія летнікі?
Аліна Ваўранюк: Вельмі ахвотна. Калі ў мінулым годзе гэты летнік не адбыўся з-за пандэміі, і зараз я прапанавала дзецям паехаць, то быў адзін вялікі крык радасці. Хачу адзначыць, што летнік адбываецца, дзякуючы фінансавай падтрымцы Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, бо калі б не гэтая дапамога, то летнік быў бы страшэнна дарагі для нашых вучняў.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Гутарыў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: facebook.com/stowarzyszenie.abba