«АБФ» распачала сваю працу ў Батумі



Новая ініцыятыва беларусаў пад назвай «Актыўным быць файна» распачала сваю працу ў Батумі, сталіцы грузінскай Аджарыі, у прасторы Sakhli.

Гэта праект прадставіў пакуль два гурткі, якія звязаныя з відэакантэнтам і музыкай. Пра ініцыятыву і вынікі першай сустрэчы распавядае яе каардынатарка Вольга:

– Мне ўдалося ўбачыць шчаслівыя вочы людзей і энтузіязм. Я лічу гэта паказчыкам таго, што ўсё ўдалося. Думаю, што ёсць перспектывы ствараць нешта падобнае тут, у Грузіі: і ў Тбілісі, і ў Батумі. Па меры сваіх сіл і магчымасцяў буду рабіць усё для таго, каб тут было больш мерапрыемстваў народнай адукацыі і „шведскіх гурткоў” у прыватнасці.

Па словах людзей , што прыйшлі на гэта спатканне – сустрэча стала злучэннем розных поглядаў:

– З’явіліся новыя знаёмыя, новыя сябры, нейкія новыя магчымасці для самога сябе.

– Мне больш цікава было даведацца менавіта пра жыццё іншых людзей: чым яны займаюцца, якія ў іх забавы. Таму што я зараз сама ў пошуку сябе: раней у мяне адбылося прафесійнае выгаранне, зараз я ўжо працяглы час беспрацоўная, і для мяне гэтая тэма вельмі актуальная. Таму я прыйшла сюды на сустрэчу ўзяць нешта для сябе.

– Насамрэч сабраліся вельмі рознабаковыя асобы: у кожнага свой шлях, і свае дасягненні і поспехі. Гэта вельмі цікава.

Арганізатары плануюць рабіць такія сустрэчы штотыднёвымі і ўжо з пачатку лютага 2022 года адукацыя праз «шведскія гурткі» ў Батумі будзе пашырацца.

Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя