На Данбасе па-ранейшаму складаная гуманітарная сітуацыя (абноўлена)



Паводле экспертаў ААН у многіх месцах не хапае неабходных прадуктаў, медыкаментаў, знішчана інфраструктура.

У сваю чаргу расейскія і украінскія СМІ паведамляюць, што пастаўляюць гуманітарную дапамогу у падкантрольныя прарасейскім баевікам раёны Ўсходу Украіны.

На сённяшні дзень у Данецку і ваколіцах гуманітарная дапамога аказваецца некаторымі украінскімі алігархамі, а “гуманітарныя канвоі з Расеі” у Данецку мала хто бачыў, кажа жыхарка Данецка Марыя Пятроўская.

– Калі гаварыць пра расейскую гуманітарную дапамогу, то да звычайных людзей яна часцей за ўсё не даходзіць. Цяперашняе кіраўніцтва Данецку і вайскоўцы ў Данецку яе забіраюць сабе і перапрадаюць у крамах. Да людзей простых гуманітарная дапамога не даходзіць альбо даходзіць у вельмі малой колькасці.

Расейскія СМІ паведамляюць пра тое, што на Данбас з лета мінулага году Расея накіравала 26 гуманітарных канвояў. Афіцыйны Кіеў кажа, што пад прыкрыццём гуманітарнай дапамогі на Ўсход Украіны пастаўляецца зброя.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

 * * *

На Данбасе пачалася сапраўдная гуманітарная катастрофа. Гэта канстатаваў старшыня маніторынгавай камісіі АБСЕ ва Украіне Майкл Бацюркіў. Ва ўмовах вайны, якая доўжыцца на Данбасе больш за год, ці не большасць жылых дамоў у гарадах і селішчах ці разбураная цалкам, ці напаўразбураная.

Паведамляе наш кіеўскі карэспандэнт Марцін Война:

Старыя, інваліды, жанчыны з немаўлятамі вымушаныя хавацца ў падвалах, бамбасховішчах і іншых падземных камунікацыях, непрыдатных для жыцця. Большасць вёсак і пасёлкаў, якія знаходзяцца ў прыфрантавой зоне, цалкам знішчаныя. Знішчаныя таксама вадавод і каналізацыя. Разбураныя электрычныя падстанцыі. Не працуюць аптэкі, бальніцы і паліклінікі. Банкаматы разрабаваныя і разбітыя. Ці не большасць крамаў зачыненыя ці спаленыя. У гарадах і пасёлках, кантралюемых прарасейскімі тэрарыстамі, небяспечна з’яўляцца на вуліцы. Прытым не толькі з прычыны артылерыйскіх абстрэлаў, але  і з рызыкі быць расстралянымі без суда і следства.

Яшчэ год назад шмат хто з людзей, якія зараз жывуць у нечалавечых умовах, выходзілі на антыўкраінскія мітынгі, з брутальнымі заклікамі ўвесці ў краіну расейскія войскі і ліквідаваць украінскую дзяржаўнасць.

Але цяпер антыўкраінскія настроі паступова сыходзяць. Ні ЛНР, ні ДНР, ні расейскія войскі, на якія шмат хто на Данбасе спадзяваўся, нічога не робяць для ліквідацыі гуманітарнай катастрофы.

Беларускае Радыё Рацыя, Кіеў