Аб’яднанне „АБ-БА” падсумавала вынікі працы за год
Тэатральны гурток “гульня ў тэатр”, дзіцячы хор “Баламуткі”, конкурс беларускай песні, дыскусійныя клубы, розныя майстар-класы, выданне поўнага адукацыйнага пакету для настаўнікаў беларускай мовы для пачатковых 1-3. Гэта далёка не усе ініцыятывы Аб’яднання „АБ-БА” ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову.
На сцэне драматычнага тэатру імя Вянгеркі у Беластоку адбылося падвядзенне вынікаў працы аб’яднання ў 2014/2015 навучальным годзе.
Кажа старшыня аб’яднання Кацярына Паўлоўская:
– Кожны ў аб’яднанні “АБ-БА” за штосьці адказвае, гэта наша супольная праца і праца кожнага паасобку. Дзеці выступалі, спявалі. Цешыць, што яны з такой радасцю гэта рабілі. Я думаю, што менавіта праз гульню дзяцей можна многаму навучыць.
На канікулах Аб’яднанне „АБ-БА” не спыняе сваю працу, неўзабаве адбудзецца сплыў на байдарках, чарговы летнік, а таксама прэм’ера кружэлкі праекту 25-АББА-аркестр на 26 “Басовішчы”.
Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток