Аб’яўлены збор сродкаў на аднаўленне татарскай юрты



Дабрачынны пікнік падчас якога будуць збірацца грошы на аднаўленне згарэлай у Крушынянах татарскай юрты адбудзецца ў нядзелю 6-га траўня. Гасцей чакаюць выступы музычных гуртоў, усходнія танцы, выстава работ мясцовых мастакоў і аўкцыёны, таксама сям’я Багдновічаў запрашае пакаштаваць татарскія прысмакі.

Кажа галоўная ініцыятарка ініцыятывы бурмістр горада Саколка Эва Кулікоўска:

– Адкрыты дабрачынны рахунак, у пераводзе трэба пазначыць “Адбудуем татарскую юрту”. Уся інфармацыя змешчана на старонцы татарскай юрты ў Фэйсбуку, а таксама створана адмысловая падзея, дзе змяшчаецца актуальная інфармацыя. Звяртаюся да ўсіх з просьбай пра дапамогу ў аднаўленні таго, што будавалі тры пакаленні сям’і Багдановічаў не толькі для сябе, але і ўсіх нас.  

Пажар у татарскай юрце ў Крушынянах здарыўся у ноч з 30 красавіка на 1 траўня. Згарэла ўся маёмасць уласнікаў, у тым ліку татарскія касцюмы, альбомы, сямейныя архівы. Страты ад пажару папярэдне ацэньваюцца ў паўтара мільёна злотых. 

Крушыняны – гэта важнае месца для польскіх татараў, супольнасьць якіх налічвае каля 3 тысяч.

Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя