Адам Мусюк: Чарговы марш можа быць успрыняты як правакацыя
Першы Марш роўнасці прайшоў вуліцамі Беластоку ў суботу 20 ліпеня. Мірнае шэсце неаднаразова спрабавалі блакаваць футбольныя заўзятары і іншыя контрманіфестанты, якія кідалі камяні, яйкі і петарды.
“Я перакананы, што клуб „Ягелонія” асуджае дзеянні некаторых заўзятараў, апранутых у чырвона-жоўтыя майкі, якія недастойна паводзілі сябе падчас першага Маршу роўнасці ў Беластоку”, – кажа былы футбаліст „Ягелоніі”, цяпер намеснік прэзідэнта Беластока ад Форума меншасці Падляшша Адам Мусюк:
– Пераважная большасць – гэта людзі, якія ніколі ў жыцці не паднялі б рукі на іншага чалавека. Нейкая невялікая частка людзей ў колерах клубу вяла сябе недапушчальна. Мы поўнасцю адмяжоўваемся ад гэтага. Клуб не хоча такой публічнасці, калі жоўта-чырвоныя футболкі паказваюць тэлеканалы ўсяго свету, як прыклад агрэсіі.
«Паліцыя Беластока зрабіла ўсё, каб гарантаваць бяспеку ўдзельнікаў шэсця. 25 хуліганаў былі затрыманыя. Кожны, хто парушыў закон, будзе пакараны,» – напісаў ў Twitter намеснік міністра ўнутраных спраў Яраслаў Зялінскі.
“Марш супраць гвалту” 27 ліпеня прапануюць беластачанам лідары левых партыяў. Адрыян Зандбэрг, Влодзімеж Чажасты і Роберт Бедронь дапрацоўваюць план маршу. Гэта адказ на праявы нянавісці і гвалту, якія мелі месца падчас першага Параду роўнасці ў мінулую суботу ў Беластоку. Адам Мусюк адзначае, што чарговы марш можа быць успрыняты як правакацыя:
– Нам не патрэбны чарговы антаганізм. Мне падаецца, што арганізатары усведамляюць, што калі будзе такі марш, то з’явіцца і чарговы антымарш. І мы будзем мець паўтарэнне таго, што адбывалася ў Беластоку ў мінулую суботу. Не думаю, што гэтае мерапрыемства будзе накіравана на тое, каб Беласток вярнуўся да нармальнага жыцця.
Прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі падчас прэс-канфэрэнцыі 22 ліпеня адзначыў, што заяўка на марш павінна быць складзена за 30 дзён да мерапрыемства, і па фармальных прычынах згоды на гэты марш не будзе.
Цалкам матэрыял у далучаным файле:
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток