Адам Мусюк: Нацыянальная ідэнтычнасць — гэта прыярытэт



25 кастрычніка Падляшша будзе выбіраць сваіх прадстаўнікоў у польскі Сейм і Сенат. Ужо чарговыя выбары, калі беларусы не выстаўляюць свайго выбарчага камітэта. Кандыдатаў у парламент, якія спадзяюцца на галасы, між іншымі, і беларускага электарату стаяць у партыйных спісах: Аб’яднаных Левых спісаў, Грамадзянскай платформы, Польскай Сялянскай партыі.

З Адамам Мусюкам кандыдатам у Сейм са спісу партыі Грамадзянская платформа  напярэдадні выбараў гутарыла Валя Лаеўская:

Адам Мусюк: Я беспартыйны кандыдат, які высоўваецца ад спісу Грамадзянскай платформы і галасуючы на Адама Мусюка вы галасуеце дабрабыт, культуру і традыцыі. Я cпадзяюся на галасы праваслаўнага электарату, на  людзей, сярод якіх я вырас, праблемы якіх я ведаю, і якіх я меў гонар прадстаўляць у Радзе Беластока. З’явілася ідэя, каб я паспрабаваў кандыдаваць на выбарах у парламент.

РР: А чаму менавіта са спісу Грамадзянскай платформы?

Адам МусюкЯ быў радным горада Беласток і ўваходзіў у клуб Грамадзянскай платформы, але ўвесь час заставаўся беспартыйным. І мяне ніколі не было праблемаў з галасаваннем на пасяджэннях Рады горада, калі гаворка вялася пра справы светапогляду і пра справы меншасцяў. Шмат што ўдалося зрабіць і Грамадзянская платформа ніколі не навязвала дысцыпліны ў гэтых справах. У Беластоку ёсць Форум Меншасцяў і мы вырашылі, што будзем кандыдаваць у гэтых выбарах. І хоць, гэта не публічная інфармацыя, але я падзялюся са слухачамі Радыё Рацыя, што было некалькі кандыдатаў. І выбар што да людзей не быў дэмакратычным, мы не выбіралі паміж сабой. Мы вырашылі, што памолімся і кінем жэрабя. Выпала на мяне і я хачу прадстаўляць нашых жыхароў і сябе таксама, бо я таксама з нацыянальнай меншасці, у парламенце. Я ведаю, наколькі гэта важна, бо ўдалося на працягу больш як 10 гадоў, атрымаць 20 мільёнаў злотых на рэстаўрацыю Супрасльскага манастыра, хоць я, вядома, не адзін гэта зрабіў. І ведаю які высілак, як грамада, мы мусілі зрабіць, каб сабраць гэтыя грошы. Чаму гэты манастыр такі важны? Калі я наведаў Супрасльскі манастыр у 90-я гады, яго штогод наведвалі 100-200 чалавек. А ўжо летась — 100 тыс. чалавек прыехалі і захапіліся нашай культурай, тым, што мы, як грамада, там адбудавалі. Мы, як меншасць, паказалі ўсёй Польшчы і Еўропе, што мы ўмеем і можам, калі хочам. Гэта сапраўды вялікая справа.

РР: Вы сказалі: мы ўмеем і можам. А чаму меншасць, якая жыве на Падляшшы ня можа стварыць свой камітэт і пайсці на выбары так, як гэта робяць немцы. Няўжо нам мне хочацца мець сваіх прадстаўнікоў, якія будуць ясна і канкрэтна змагацца за пэўныя справы?

Адам Мусюк: Я іду з адкрытай галавой, гляньце на мае ўлёткі і рэкламныя матэрыялы, я там выразна пішу, што спадзяюся на галасы праваслаўных жыхароў Беластока і хачу сумленна да гэтага паставіцца. Я сам паходжу з гэтага электарату і змагу яго прадстаўляць. Я наўпрост пішу: я праваслаўны і прашу праваслаўных за мяне галасаваць, бо я хачу быць прадстаўніком праваслаўных.

РР: Наколькі справы нацыянальнай ідэнтычнасці, захавання мовы, якая практычна знікае, будуць важнымі для вас? Нават вы выдатны прыклад таго, што гэтае пакаленне ўжо згубіла сваю ідэнтычнасць.

Адам Мусюк: Гэта прыярытэт. Я ведаю, што з маіх вуснаў гэта гучыць не надта пераконліва, але я з таго пакалення, якое сапраўды згубіла мову. Мая маці казала да мяне па-беларуску, а бацька — па-украінску, дзядуля – па-расейску. Чаму мы згубілі мову? Бо гэта пакаленне Беластока. І калі мае бацькі размаўлялі між сабою, дык гаварылі па-свойму, а як толькі я ці сястра заходзілі ў пакой, яны пераходзілі на польскую мову. Пасталеўшы я нават меў да іх прэтэнзіі, што яны не падбалі пра маю мову, а яны адказалі, што папросту баяліся, што мяне могуць крыўдзіць у школе. Мае дзеці хадзілі ў беларускі дзіцячы садок, я сам засноўваў, і нават прыдумаў, школу Кірыла і Мяфодзія і адной з умоваў, падчас заснавання школы быў вялікі акцэнт на мовы. Мае дзеці з 1 класу вывучаюць беларускую мову па 2 -3 гадзіны ў тыдзень. Яны пачынаюць гаварыць па-беларуску і вучаць мяне. І будучы ў парламенце мы зможам стварыць больш такіх школаў. Трэба мець сістэму, што калі ёсць бацькі, якія хочуць мець школу, дзе будзе навука іх роднай мовы, дык каб дзяржава дало для гэтага інструменты.  

РР: У нас, на Падляшшы выбарчая яўка не надта высокая. Як зрабіць, каб нашы людзі пайшлі і прагаласавалі за сваіх?

Адам Мусюк: Я невыпадкова ўзгадваю Супрасль, які пачаўся з нічога і зайшоў так далёка. Мы можам пабудаваць тое самае. Гляньце на немцаў, яны далі рады, іхныя прадстаўнікі заўсёды трапляюць у парламент. І яны шмат з гэтага маюць. І я не кажу толькі пра двухмоўныя назвы. Немцы маюць вялізныя датацыі, вялізнае фінансаванне, якога яны дамагліся. Я гляджу на нямецкую меншасць, збіраю гэты досвед і стараюся хаця б у гэтых выбарах намовіць усіх 25 кастрычнік будуць выбары. І мы або не пойдзем туды, або прагаласуем не за сваіх, і будзем наракаць далей, альбо дамо шанец тым, хто будзе за нас змагацца.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Гутарыла Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота cerkiew.pl