Адам Тухліньскі: Адзін фотаздымак здольны акрэсліць усю сітуацыю



У самым цэнтры Беластока адкрылася фотавыстава пад адкрытым небам пад назвай „Бежанцы”.

Адам Тухліньскі

Кажа аўтар фотыздымкаў Адам Тухліньскі, які выканаў іх у першыя тыдні расейска-ўкраінскай вайны на польска-ўкраінскай мяжы:

– Хацеў бы, каб беластачане, гледзячы на гэтыя фотаздымкі, трохі адчулі і падумалі, як гэта магло б выглядаць, калі б штосьці падобнае напаткала іх. Мы жывём недалёка ад мяжы з краінай, якая садзейнічала агрэсіі на Украіну. Расейскія войскі маюць каля пяцідзесяці кіламетраў ад мяжы да нас. Мы павінны думаць пра такі сцэнар збягання ад вайны. Запрашаю ўсіх.

Рафал Рудніцкі

У вернісажы прыняў удзел віцэ-прэзідэнт Беластока Рафал Рудніцкі:

– Перадусім, каб мы пра гэта не забыліся. Вайна ва Украіне працягваецца ўжо 119 дзень. У Заходняй Еўропе некаторыя пра гэта ўжо забыліся. Не дазволім, каб мы тут у Беластоку, у Польшчы забыліся пра гэты ўзброены канфлікт ды пра ахвяр гэтага канфлікту. Ідзе не толькі пра тых, што гінуць падчас вайны ва Украіне, але і тых, якія былі змушаныя з’ехаць з краіны.

Фотавыстава „Бежанцы” будзе адкрыта на пляцы Яна Паўла ІІ да 31-га ліпеня ўключна.

Беларускае Радыё Рацыя