Адборавыя канцэрты ХХІІ-га фестывалю “Беларуская песня 2015”
Беларускія фальклорныя калектывы з Беластока і ваколіцаў выступілі на сцэне мясцовай філармоніі. Тут прайшоў адборавы канцэрт ХХІІ-га агульнапольскага фестывалю “Беларуская песня 2015”. Перад публікай выступіла каля 30 калектыў і салістаў. Сярод іх – шмат прадстаўнікоў маладога пакалення.
Дар’я Маркевіч, Гайнаўка: Займаюся эстрадным вакалам. Вельмі люблю беларускі рэпертуар, бо Беларусь – гэта мая Радзіма, я тут нарадзілася і вельмі люблю спяваць беларускія песні.
Аня Трафімчык: Наш калектыў называецца “Вена”. Нам захацелася, каб пра нас пачулі, каб убачылі, што мы робім. Каб убачылі, што беларускай мовай цікавяцца не толькі старэйшыя людзі, але і моладзь.
Павел Макарэвіч, Міхалова: Калектыў “Спявай, душа”. Людзі хочуць пачуць нашую музыку. Бо пакуль нашая беларуская культура жыве, будуць гучаць прыгожыя беларускія песні.
Хто выступіць у час гала-канцэрта фестывалю «Беларуская песня 2015» даведаемся 19 лютага. У бліжэйшыя выходныя чарговыя адборавыя канцэрты адбудуцца ў Гайнаўцы і Бельску-Падляшскім.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота grodnonews.by