„Адборышча” назвала пераможцаў конкурсу



Хто выступіць на конкурсе «Басовішча»?

Журы адмысловага «Адборышча», зладжанага ў Менску, зрабіла выключэнне для юбілейнага фестывалю ды павялічыла колькасць фіналістаў з 4 да 5. Гэта гурт Atesta з 14-гадовай вакалісткай, кабарэ-бэнд BarRokka, Harmonix College паходжаннем з Рагачова, поп-рокавая Paulinn і новы праект паэта Уладзя Лянкевіча luty sakavik. Уладзь дзеліцца ўражаннямі.

– Гэта быў наш першы выступ і мы зайгралі трэкі, якія ўвайшлі ў „эпішку” – чатыры. І адна песня прагучала зусім новая.

Гурт BarRokka: Мы шчаслівыя.

РР: Вынікі гэтага конкурсу паказалі, што пераважна будуць спяваць дзяўчыны.

– З жаночым вакалам проста музыка шукае новыя стылі і жанры. Таму яна і выглядае больш цікавая.

Між тым, з’явілася неафіцыйная інфармацыя, што сёлетняе «Басовішча» ўсё ж такі не стане апошнім. Для яго працягу будзе створаны аднайменны з фестывалем фонд. Сябра Управы Беларускага аб’яднання студэнтаў Лідзія Пякарская камэнтуе:

– На гэты момант нашае рашэнне, што гэта апошняе „Басовішча”. Таксама не зачыняемся на магчымасці, што можа калісьці ў будучыні знойдуцца новыя людзі, з новымі думкамі, якія паднімуць яшчэ раз гэтую ініцыятыву. Пакуль што няма іншай арганізацыі, якая гэта рабіла б.

30-ае па ліку «Басовішча» пройдзе ля Гарадку пад Беластокам 19-20 ліпеня і паводле традыцыі пачнецца з конкурсу маладых гуртоў. Гэтым разам пяці.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя