Адкрыты ліст “Бацькаўшчыны” ў абарону старшыні ТБК
Апошнім часам адбываецца публічнае цкаванне паважанага чалавека – старшыні Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведара Нюнькі. На адрасы беларускіх арганізацый і прыватныя адрасы беларусаў замежжа, а таксама ў сродкі масавай інфармацыі як за межамі, так і ў самой Беларусі рассылаюцца лісты, якія ачарняюць асобу спадара Хведара, нівелююць усё, што было за гэтыя гады зроблена ім і ТБК пад яго старшыньствам.
Ад імя МГА “Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” заяўляем, што ведаем Хведара Нюньку як сумленнага, шчырага, адданага беларушчыне чалавека, які большасць жыцця і здароўя ахвяраваў беларускай справе.
Хведар Нюнька – адзін з заснавальнікаў і сябра Вялікай Рады Згуртавання “Бацькаўшчына”, сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, адзін з тых, дзякуючы каму працэсы гуртавання беларусаў па-за этнічнай радзімай распачаліся пасля дзесяцігоддзяў савецкага забыцця.
Нагадаем, што Таварыства беларускай культуры, адна з найстарэйшых беларускіх арганізацый у Літве, адзначыла ў 2014 годзе знакавы юбілей – 25 год дзейнасці. Поплеч з Лявонам і Юркам Луцкевічамі, Зоськай Верас, Кастусём і Леакадзіяй Шышэямі, Лявонам Каралём і Міколам Рулінскім, Аляксеем Анішчыкам і нямногімі іншымі ля вытокаў ТБК стаяў Хведар Нюнька. На Устаноўчы сход у далёкім 1989 годзе сабралася больш за 200 чалавек. Старшынёй ТБК быў абраны Хведар Нюнька. Зараз розныя людзі публічна імкнуцца паліць брудам не толькі самога Нюньку, але і цалкам нівеляваць дзейнасць ТБК пад яго кіраўніцтвам. Мы лічым гэта недапушчальным!
ТБК за 25 гадоў не толькі засведчыла беларускую прысутнасць, але і прыметна замацаваў у Літве беларускія сляды. Дзякуючы старанням асабіста Хведара Нюнькі і намаганням ТБК у Вільні працуе адна з нешматлікіх па-за межамі Беларусі беларуская гімназія, у Вільні ўсталяваныя помнікі на магілах беларускіх дзеячаў і дзясятак мемарыяльных дошак. Дзякуючы старанням асабіста Хведара Нюнькі ТБК удалося захаваць на Лукішскім пляцы месца, на якім быў забіты беларускі герой Кастусь Каліноўскі. Не самі па сабе і некалькі вуліц у Вільні назваліся імёнамі знакавых для беларусаў асобаў. Са сваёй пенсіі доўгі час Хведар Нюнька аплачваў выдаткі, звязаныя з утрыманнем сядзібы ТБК, якой гасцінна карысталіся ў свой час Сямён Шарэцкі, Зміцер Дашкевіч, Алесь Адамковіч і інш. ТБК на чале з Хведарам Нюнькам правяло пяць канферэнцый беларусаў Балтыі, мае цесныя кантакты з беларускімі дыяспарамі блізкага і далёкага замежжа. І гэта далёка не поўны спіс таго, што за ўсе гады зрабілі і асабіста Хведар Нюнька, і ТБК пад яго кіраўніцтвам.
Нагадаем, што ўвесь гэты час на кожным справаздачна-выбарчым сходзе сябры ТБК добраахвотна абіралі Хведара Нюньку старшынёй на новы тэрмін, тым самым ухваляючы папярэднюю яго дзейнасць і выказваючы давер на будучае.
Хведар Нюнька – паважаная асоба не толькі ў асяродках дыяспары і ў Беларусі. У 2009 годзе Віленская самаўправа высока ацаніла працу Хведара Нюнькі на ніве беларушчыны і ва ўзбагачэнні культуры Вільні ўзнагародай “За заслугі для Віленскай самаўправы”. Дарэчы, спадар Хведар адзіны прадстаўнік нацыянальных меншасцяў, хто меў гонар атрымаць гэтую ўзнагароду з рук мэра Вільні – шматнацыянальнага горада.
ТБК – арганізацыя, якая заўсёды змагалася за незалежнасць і дэмакратызацыю Беларусі, сама кіравалася дэмакратычнымі прынцыпамі. Куды дзеліся прынцыпы дэмакратыі ў кола людзей, якое дазваляе сабе без суда і следства абвінавачваць Хведара Нюньку ў крымінальным злачынстве? Чаму такія пытанні паўсталі менавіта зараз, і каму гэта трэба і выгодна?!
Ад імя Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” заклікаем спыніць публічную кампанію па ганьбаванні імя і заслугаў Хведара Нюнькі.
Звяртаемся да ўсіх сродкаў масавай інфармацыі, найперш – беларускай службы “Радыё Свабода”, не дапускаць аднабаковага, прадузятага асвятлення “віленскага канфлікту”, тым самым скажаючы інфармацыю і спрыяючы ганьбаванню імя Хведара Нюнькі.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
08 студзеня 2015 года