Адкрыты Універсітэт Майдана працягвае працу
Сацыяльны прадпрымальнік з Кіева расказаў, як на Майдане нарадзіўся „новы ўніверсітэт”. Гаворка ідзе пра грамадскую ініцыятыву „Адкрыты Універсітэт Майдана”, якая пасля пратэстаў не завершыла сваё існаванне, а наадварот, на працягу года дапамагае актывізаваць грамадзян Украіны да развіцця сябе і сваёй краіны.
„Галоўная мэта „ўніверсітэта” – пабудаваць грамадства, у якім чалавек з’яўляецца каштноўнасцю і мае вагу”, – кажа Астап Стасіў:
– Справа ў тым, што аказваецца самаарганізацыя магчымая, у ёй можа не быць лідараў, не быць рэсурсаў, калі гэта будуецца на нейкай новай парадзігме адносінаў, новай парадзігме падыходу да вырашэння пытання, то многія рэчы з’яўляюцца самі сабой. Уявіце сабе сітуацыю, вось вы прыходзіце на Майдан, вы проста настаўнік, напрыклад, з нейкага сяла, і тут вы маеце магчымасць вучыцца ў людзей, якія выкладаюць у бізнес-школах, час якіх каштуе дзясяткі тысяч даляраў за гадзіну, а яны гэта робяць бясплатна, бо кажуць: „Я грамадзянін”.
Адкрыты Універсітэт Майдана нядаўна адзначыў год свайго існавання. На рахунку ініцыятывы ўжо 380 лекцый у шэрагу гарадоў Украіны.
Беларускае Радыё Рацыя