Адмысловы праект: спектакль плюс дыск з песнямі
У Беластоцкім драматычным тэатры сёння прэм’ера спектакля. Тут пакажуць тэатральна-музычную пастаноўку паводле тэксту “Наркотыкі” Станіслава Ігната Віткевіча. А да яго прэзентуюць дыск з песнямі ў выкананні акцёраў.
Як кажа намеснік дырэктара Асяродка культуры ў Міхалове Павел Азябла, праца над гэтым дыскам была для яго незвычайнай:
– Гэты дыск будзе, напэўна, вельмі нечаканым. Першы раз меў магчымасць супрацоўнічаць з акторамі тэатру. І гэты дыск не проста музычны, а славесна-музычны. Частка прамаўляецца, частка – спяваецца. Гэта хіба першы матэрыял, які мы рэалізавалі, дзе аднолькава важныя і музыка, і слова.
Дыск запісваўся ў Міхалове па розных прычынах, але найперш таму, што там ёсць якасная студыя. Кажа аўтар праекту, акцёр Патрык Алдзяеўскі. У суботу і ў нядзелю падчас прэм’ерных паказаў у Беластоцкім тэатры – дыск можна атрымаць бясплатна:
– У Міхалове ён з’явіўся. Наступны этап – прэзентацыя. Дыск будзе даступны на прэм’еры ў нядзелю, а пазней будзем вырашаць, дзе ў Беластоку гэты дыск можна будзе набыць. Як вядома, гэты праект стыпендыяльны, і – увага – гэта вельмі важна, ужо ў суботу і нядзелю раздаём гэты дыск задарма.
На сцэне акрамя Патрыка Алдзяеўскага, акцёр з беластоцкага тэатра – Давід Малец, а таксама акторкі лялечнага тэатра Магдалена Дамброўская і Каміла Врубель-Малец, якія разам ствараюць калектыў Spider Demon Massacre.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток