Адну з вуліц Беластока могуць назваць у гонар абаронцаў Гародні
Дэпутат гарадскога савета Беластока ад партыі “PiS” Пётр Янкоўскі прапанаваў назваць адну з вуліц горада ў гонар абаронцаў Гародні ў 1939 годзе. Ініцыятыву падтрымаў таксама прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі, цытуе poranny.pl.
Янкоўскі выступіў з прапановай ад імя жыхароў горада, у тым ліку чальцоў Таварыства сяброў Гародні і Вільні. Яны хочуць, каб адна з новых вуліц Беластока атрымала назву ў памяць пра абаронцаў Гародні ад савецкіх войскаў у верасні 1939 года. Зварот дэпутата падтрымаў прэзідэнт горада.
Пакуль што размова не ідзе пра нейкую канкрэтную вуліцу. Верагодна, ініцыятыву падтрымае большасць палітычных сілаў, прадстаўленых у гарадскім савеце. Супраць пакуль што не выступілі і прадстаўнікі Форуму меншасцяў Падляшша.
Пра тое, каб назваць адну з беластоцкіх вуліц у гонар абаронцаў Гародні, у верасні мінулага года казаў таксама гісторык Ян Ежы Мілеўскі з Універсітэта ў Беластоку.
Ужо вядома, што тэлеканал «Белсат» у суботу ў рамках цыкла «Невядомая Беларусь» пакажа фільм пра абарону горада над Нёманам у верасні 1939 года.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота onliner.by