Адрыян Зандбэрг: Мы супраць крайняга нацыяналізму



“Мы супраць крайняга нацыяналізму”, – заяўляе сябра ўправы партыі “Разам” Адрыян Зандбэрг.

Паводле польскага палітыка, асабліва гэта тэма важная для Падляшша, дзе пражываюць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў:

– Вельмі люблю наведваць паўднёвае Падляшша, вельмі люблю бываць у Бельску, у Гайнаўцы, бо бачу там лакальную супольнасць, якая не дазволіла нацыяналістам сябе падзяліць. Там жывуць розныя людзі, там жывуць і каталікі, праваслаўныя, людзі, якія па-рознаму сябе ідэнтыфікуюць. Яны з’яўляюцца лакальнай супольнасцю, якая не дазволіла пасварыць, не дазволіла заразіць сябе нянавісцю.

Палітык звяртае ўвагу на асобу Рамуальда Райса, псеўданім “Буры”, якая надалей ушаноўваецца на ўзроўні дзяржавы. На Падляшшы з’явіўся новы помнік, дзе ўзгадваецца “Буры”, аднак гэты чалавек быў адказны за пацыфікацыю некалькіх беларускіх вёсак у пасляваенны час. Каментуе Адрыян Зандбэрг:

– Вялікай адказнасцю кіруючых з’яўляецца тое, каб такія настроі, якія могуць давесці да эксцэсаў, якія раней ці пазней могуць прывесці да гвалту, былі мінімалізаваныя ў зародку. На жаль „ПіС” фліртуе з нацыяналістамі, я лічу, што гэта вельмі безадказна. Мяркую, што грамадскасць, якая жыве тут на Падляшшы, моцная сваёй разнароднасцю, заслугоўвае салідарнасці.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Партыя “Разам”, адным з лідараў якой з’яўляецца Адрыян Зандбэрг, падчас сёлетніх мясцовых выбараў вылучае на Падляшшы сваіх кандыдатаў у Сеймік ваяводства. 

Выбары ў Польшчы пройдуць 21 кастрычніка.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя