Адрыян Зандберг: Польскі ўрад павінен адрэагаваць на тое, што адбываецца ў Беларусі
„Польскі ўрад павінен рашуча адрэагаваць на тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі падчас прэзідэнцкай кампаніі”, – лічыць дэпутат польскага Сейма ад левых сілаў Адрыян Зандберг.
Польшча павінна быць адкрытая на ўсход, аднак нельга забываць пра дэмакратычныя каштоўнасці і магчымасць дэмакратычных выбараў адзначае Адрыян Зандберг:
– У час, калі людзей збіваюць, калі людзей садзяць, палітыкам не даюць магчымасці ўдзельнічаць у выбарах, трэба ясна і адназначна прыгадаць пра каштоўнасці. Пра тыя каштоўнасці, якія думаю блізкія большасці палякаў і большасці беларусаў.
Тыдзень таму (17 чэрвеня) сеймавая камісія замежных спраў звярнулася да ўладаў Беларусі з заклікам спыніць пераслед і звольніць усіх затрыманых ды арыштаваных у сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі, якія прызначаныя на 9 жніўня гэтага года:
„Заахвочваю ўсіх, хто хоча, каб Польшча была талерантнай краінай, у якой ёсць месца для ўсіх, Польшчы ў якой усе роўныя, каб галасавалі за кандыдата ў прэзідэнты ад левых сілаў Роберта Бедроня”, – адзначыў выступаючы на Падляшшы Адрыян Зандберг:
– Заахвочваю ўсіх, хто хоча мець талерантную Польшчу, дзе ёсць месца для ўсіх, дзе ўсе роўныя, дзе паважаюць людзей, а не так, як здаралася, калі арганізуюцца мітынгі ў гонар забойцаў і злачынцаў, якія забівалі мясцовае насельніцтва толькі за тое, што яны былі праваслаўнымі. Левыя – гэта альтэрнатыва.
Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы адбудуцца 28 чэрвеня. Кандыдат ад левых сілаў у апытаннях набірае каля 3% галасоў. Найбольшыя шанцы на перамогу, паводле рэйтынгаў, мае прэзідэнт і кандыдат аб’яднаных правых сілаў Анджэй Дуда, а таксама кандыдат ад „Грамадзянскай платформы” Рафал Тшаскоўскі. Трэці ў рэйтынгу нарадзінец Беластока Шымон Галаўня.
Беларускае Радыё Рацыя