Адрыян Зандбэрг: Хочам пачуць адказы на нашы пытанні
Сітуацыя вакол планаў здабычы торфу ў даліне ракі Нарва на Падляшшы. Супраць гэтых планаў выступаюць мясцовыя жыхары. Напярэдадні падляшскі актыў партыі “Разам” супольна з дэпутатам Сейма Адрыянам Зандбэргам накіравалі ва Управу гміны Чыжы запыт на імя войта Ежы Васілюка ў гэтай справе.
Як сказаў Зандбэрг, ён прыехаў адмыслова ў справе сумнеўнай інвестыцыі, якую прасоўваюць улады гміны, не зважаючы на пратэсты людзей:
– Атрымалі мы шмат сігналаў з гэтай мясцовасці. Не маглі дачакацца адказу на гэтую рэальную небяспеку. Маем вельмі моцныя аргументы супраць таго, каб тут распачаць здабычу торфу. Мы хочам на тыя пытанні атрымаць адказы, якіх ніяк не дачакаліся. І пан войт атрымаў дэпутатскі запыт, на які павінен адказаць.
Цягам 14-ці дзён войт гміны Чыжы абавязаны даць адказ на пытанні дэпутата ў справе планаванай здабычы торфу ў даліне Нарвы. Прыгадаем, што здабыча торфу плануецца на абшары 170 гектараў цягам 30-ці гадоў. Прадпрыемства, якое мае займацца здабычай, ужо ўзяла ў арэнду дзясяткі гектараў зямлі.
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя