„Адзінае, што мы можам тут зрабіць, – ушанаваць іх памяць”



Знічы і кветкі, якія прыносяць беластаччане, каб ушанаваць памяць загінулых беларусаў падчас мірных пратэстаў, перыядычна знікаюць са стыхійнага мемарыяла ля брамы Генеральнага консульства ў Беластоку.

Акрамя знічоў і кветак, мясцовыя жыхары прыносяць партрэты загінулых, іконы і стужкі, што не падабаецца супрацоўнікам консульства. Расказвае адзін з арганізатараў пікетаў Якуб:

– Мы вырашылі, што будзем да апошняга змагацца. І мы паказваем, што ёсць ахвяры. І адзінае, што мы можам тут зрабіць, – гэта ўшанаваць іх памяць. Паказваць, што гэтыя людзі ёсць. І выказваць ім сваю павагу тым, што мы прыносім кветкі, знічы. Ну і спадзяёмся, што нарэшце людзі, які знаходзяцца з таго боку, адумаюцца і хаця б перастануць выкідваць. Таму што выкідваць партрэты загінулых людзей, іконы і кветкі – як мінімум гэта не па-людску.

Акцыі салідарнасці з Беларуссю праходзяць два разы на тыдзень ля брамы Генеральнага консульства Беларусі. Іх актыўнымі ўдзельнікамі з’яўляюцца як прадстаўнікі беларускай дыяспары, так і палякі, жыхары Беластоку.

Беларускае Радыё Рацыя