Аэрапорт “Гродна” можа ўвайсці ў бязвізавую зону
Улады Гарадзенскай вобласці хочуць пашырыць бязвізавую зону на аэрапорт “Гродна”. Такую інфармацыю перадаў польскім і беларускім СМІ ў Аўгуставе старшыня абласнога выканкама Уладзімір Краўцоў. Беларускія ўлады хочуць даць магчымасць турыстам перасякаць мяжу на пераходзе Брузгі-Кузніца таксама на цягніку. “Дзякуючы гэтым зменам, разлічваем прыцягнуць больш турыстаў, а таксама бюджэтныя авіякампаніі”, – кажа кіраўнік вобласці:
– Калі наш аэрапорт увойдзе ў бязвізавую зону, то з’явіцца магчымасць дадатковага задзейнічання гэтага аэрапорта. Ва ўсім свеце актыўна пашыраюцца авіяспалучэнні low cost. І гэта спрычыніцца да стварэння такіх авіякампаній low cost у нас.
Як дадае Уладзімір Краўцоў, цяпер вядуцца рамонтныя працы на адрэзку дарогі М6: ад мяжы – у напрамку аэрапорта “Гродна”. Аэрапорт знаходзіцца за 95 кіламетраў ад Беластока. Пяцідзённы бязвізавы рэжым у рэгіёне Аўгустоўскага канала дзейнічае з 26-га кастрычніка мінулага года. Аднак пакуль бязвізавыя турысты не могуць уехаць у Беларусь на цягніку, які курсуе паміж Кракавам і Гародняй.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота grodnonews.by