Афрыканская чума свіней выяўляецца ў Польшчы і Літве
Афрыканскую чуму свіней выявілі на буйнейшай свінаферме ў Літве. Будзе знішчана 20 000 свіней.
Дырэктар Дзяржаўнай харчова-ветэрынарнай службы Ёнас Мілюс пацвердзіў, што ў ноч з серады на чацвер афрыканская чума свіней была выяўлена на ферме ў Ігналінскім раёне. Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва Delfi.
На Падляшшы ў вёсцы Зялёная, што каля Гарадка, быў выяўлены першы ў Польшчы выпадак афрыканскай чумы свіней у хатняй жывёлы. Як паведаміў д-р Міраслаў Чэх з Ваяводскай ветэрынарнай інспекцыі, уся хатняя жывёла на значнай тэрыторыі будзе паддадзена падрабязнаму абследванню і будзе ўведзены шэраг рэстрыкцыйных абмежаванняў для гаспадароў:
– Ёсць распараджэнне, але яшчэ не абвешчана. Распараджэнне Беластоцкага павятовага ветэрынара, які вызначае абшары нагляду, якія могуць быць заражаны і апынуцца пад пагрозай – гэта дзесяць кіламетраў ад вогнішча. На гэтых абшарах, асабліва на адлегласці трох кіламетраў, павінны быць прыняты меры датычныя ўласнікаў свіней – забарона выпасу свіней.
Па словах д-ра Чэха, у наваколлі, дзе выяўлены выпадак афрыканскай чумы свіней, невялікая, усяго каля 40 гаспадароў, якія займаюцца свінагадоўляй. Аднак усе яны будуць вымушаны строга выконваць усе ветэрынарныя патрабаванні. Не выключана, што прыйдзецца забіць каля 200 свіней, аднак у такіх выпадках прадугледжана грашовая кампенсацыя для гаспадароў.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя