Агламерацыйны білет у Беластоку
З прапановай ўвесці у Беластоку такі від білета на грамадскі і чыгуначны транспарт да Рады горада Беласток звярнуліся радны Томаш Мадрас ды аб’яднанне «Чыгуначнае Падляшша» (Podlasie Kolejowe).
Задума ў тым, каб жыхары мясцовасцей, размешчаных у адлегласці да 60 кіламетраў ад Беластока, маглі, купіўшы адзін білет, карыстацца і цягнікамі і гарадскім транспартам, — кажа Томаш Мадрас:
— Гаворка ідзе пра рашэнне, якое ўжо выкарыстоўваюць ў шмат якіх гарадах: каб пасажыр, які жыве пад Беластокам, або жыве у Беластоку, а працуе пад Беластокам мог мець адзін супольны білет, напрыклад, на электроннай беластоцкай гарадской карце і на адным такім праязным білеце мог перасаджвацца з цягнікоў у аўтобусы і наадварот.
Радны зазначае, што такі білет павялічыць колькасць карыстальнікаў чыгункі ды грамадскага транспарту, узмоцніць эканамічна-сацыяльныя сувязі рэгіёна ды пабольшыць магутнасць Беластока, як метраполіі Паўночна-ўсходняй Польшчы.
Каб увесці агламэрацыйны білет між сабой павінны дамовіцца Гарадская управа Беластока і Рэгіянальная чыгунка.
Лукаш Сцепанюк, Беларускае Радыё Рацыя
Фота:. Katarzyna Cichoń