Агнешка Рамашэўская-Гузы: Лукашэнка хацеў бы бачыць Саюз палякаў цалкам разбітым
Пагоршыўся стан здароўя Анжалікі Борыс у зняволенні. Да таго ж абвастрыліся ранейшыя праблемы, а ўмовы ўтрымання ў Жодзіне не спрыяюць добраму самапачуццю. Такую інфармацыю мае дырэктарка тэлеканала “Белсат” Агнешка Рамашэўская-Гузы, якая прыватна сябруе з Анжалікай Борыс:
– Паводле маёй інфармацыі, Анжаліка Борыс у канчатковым выніку пагадзілася выехаць з увагі акурат на стан здароўя. Спачатку яна адмовілася ад такой прапановы, але потым пачувалася настолькі дрэнна, што пастанавіла, што калі ўжо будзе такі шанец, то павінна ім скарыстацца. Але, як бачым, шанец аказаўся чыста ілюзорны і фікцыйны.
Раней на мяжу з Польшчай былі вывезеныя тры дзяячкі Саюза палякаў у Беларусі без права вяртання на радзіму. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Борыс і Пачобут раней ад такіх прапаноў адмовіліся.
“Аляксандр Лукашэнка хоча пазбавіцца Саюзу палякаў у Беларусі і яго лідараў, у якіх бачыць праблему для сябе”, – працягвае Агнешка Рамашэўская-Гузы:
– Я думаю, што гэта робіцца дзеля “пазбаўлення ад праблемы”. Саюз палякаў у Беларусі, асноўнымі спружынамі якога ёсць гэтыя асобы, з’яўляецца адной з найвялікшых, а можа і найвялікшай грамадскай арганізацыяй у Беларусі. Думаю, што Аляксандр Лукашэнка хацеў бы бачыць Саюз палякаў цалкам разбітым. Дзеля гэтага ён гатовы адмовіцца ад помсты, адмовіцца ад катаванняў гэтых палякаў, толькі каб не мець іх у сябе.
На думку дырэктаркі “Белсату”, польскі ўрад на сёння мае мала рычагоў уплыву на сітуацыю ў Беларусі, у тым ліку сітуацыі з прадстаўнікамі меншасці. Але рэжым Лукашэнкі насамрэч церпіць ад санкцый, а таму не патрабуе больш ніякіх ахвяр.
Санкцыі дзейнічаюць і магчыма гэта скароціць жыццё рэжыму – такое меркаванне ў нашым эфіры выказала дырэктарка тэлеканалу “Белсат” Агнешка Рамашэская-Гузы. Яна лічыць, што Аляксандр Лукашэнка, з увагі на сур’ёзнасць санкцыі, не хоча больш абвастраць сітуацыю і не патрабуе большых ахвяр:
– Не зважаючы ні на што, рэжым Лукашэнкі не патрабуе чарговых ахвяр. Незалежна ад таго, што цяпер, калі ўключыш тэлевізар, які ладна называюць “зомбаяшчыкам”, там бясконца гаворыцца пра злы Захад і пра тое, як Беларусь выдатна спраўляецца з эканамічнымі праблемамі, а санкцыі ўвогуле зусім не важныя. Але гэта крык роспачы. Гэта доказ таго, што санкцыі дзейнічаюць і што гэта магчыма скароціць жыццё рэжыму.
Змены ў Беларусі будуць залежаць ад некалькіх галоўных чыннікаў, – дадае Агнешка Рамашэская-Гузы. Найперш, ад спеласці беларускага грамадства, якое за апошнія паўтара года паказала, наколькі змянілася. Таксама важнае значэнне мае міжнародная сітуацыя, а гэта ў першую чаргу адносіны Расеі з Еўропай і Злучанымі Штатамі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя