Аксана Вайцюк: Беларусь таксама з’яўляецца акупаванай краінай



Роўна год поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Наколькі вайна змяніла Еўропу і свет? Чаму Уладзімір Зяленскі так і не сустрэўся са Святланай Ціханоўскай? І як можна дапамагчы?

Пра гэта ды іншае пагаворым з „Госцем Рацыі” прафесаркай Беластоцкага ўніверсітэта кафедры міжнародных адносін Аксанай Вайцюк:

РР: Як вы ўзгадваеце дзень уварвання 24-га лютага 2022 года?

– Для мяне гэта быў вельмі жахлівы дзень, я прачнулася, мне патэлефанавалі бацькі. Яны сказалі, што пачалася вайна. Я ў гэты дзень павінна была ісці ва ўніверсітэт, у мяне былі залікі са студэнтамі, вельмі цяжка было сабраць усе эмоцыі і штосьці казаць студэнтам. Студэнты мяне таксама спрабавалі пра штосьці пытаць, але шчыра кажучы ў першы дзень у мяне проста бракавала слоў. Пры такіх пытаннях на вочы наварочваліся слёзы, бо Украіна – гэта мая Бацькаўшчына і мне гэта баліць.

РР: У сваіх прагнозах Вы казалі, што калі Расея нападзе, то гэта ўсё ж будзе шлях да Крыма. Наколькі нечаканым было тое, што ў гэтыя першыя дні вайны расейскія войскі з тэрыторыі Беларусі пайшлі на Кіеў?

– Усе ва Украіне ўсведамлялі, што Расея будзе прабіваць дарогу на Крым. Усе рыхтаваліся да гэтай агрэсіі, больш на ўсходзе, на поўдні. Што да Беларусі, то былі сумневы. Калі мы прааналізуем палітыку Лукашэнкі і збліжэнне Беларусі з Расеяй, то мы бачым, што Лукашэнка не прымае ніякіх рашэнняў. Калі і прымае, то ад іх мала што залежыць. У глабальных рашэннях Пуцін мае нейкія інструменты ціску на яго, таму гэта можна было прадбачыць, бо перад гэтым праходзілі ваенныя вучэнні. Расейскія войскі не пакінулі Беларусь, яны засталіся там. Сёння мы можам сказаць, што Беларусь таксама з’яўляецца акупаванай краінай, бо там прыбываюць расейскія вайскоўцы, якія здзяйсняюць атакі на тэрыторыю Украіны.

РР: Вы не лічыце Аляксандра Лукашэнку самастойна палітычнай фігурай?

– Я лічу, што ён не самастойная палітычная фігура. Калі б ён быў самастойнай палітычнай фігурай, то ён не дазволіў бы, каб расейскія войскі здзейснілі напад на Украіну з тэрыторыі Беларусі. Я думаю, што ён бы зрабіў усё магчымае, не зважаючы на тыя адносіны, якія былі паміж Беларуссю і Украінай да гэтага, хаця б тое, што Украіна адносна санкцый салідарызавалася з Еўрапейскім Звязам. Калі ў траўні ў Беларусі быў пасаджаны самалёт з Атэнаў да Вільні з беларускім блогерам, то Украіна дала згоду на тое, каб закрылі паветраную прастору. Адносіны паміж Беларуссю і Украінай пагоршваліся, але не пагоршваліся на палітычным узроўні. Лукашэнка зрабіў усё магчымае, каб пасеяць нянавісць паміж народамі. Шмат якім украінцам зараз цяжка зразумець, чаму беларусы беларусы маўчаць, калі ляцяць ракеты. Беларусы падтрымлівалі Украіну падчас „Памаранчавай рэвалюцыі, „Рэвалюцыі Годнасці”, калі загінуў Жызнеўскі, зараз адносіны да беларускага грамадства кардынальна змяніліся, гэта вельмі прыкра, бо да гэтага прыклаў руку Лукашэнка.

РР: Пры гэтым ёсць полк Каліноўскага, які складзены з беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны. У Беларусі ёсць „рэйкавыя партызаны”, што спынялі цягнікі з расейскай вайсковай тэхнікай, якія цяпер прысуджаныя да вялізных тэрмінаў зняволення.

– Так, ёсць арганізацыя „Беларускі гаюн”, якая даволі папулярная ва Украіне. Украінцы чытаюць інфармацыю пра тое, якія самалёты і з якіх месцаў узлятаюць з мэтай бамбардавання тэрыторыі Украіны. Гэта вельмі важна, але вельмі маленькая, я б не хацела абагульняць, але гэта „кропля ў моры”. Хоць гэта таксама трэба цаніць, тых партызан, перш за ўсё полк Каліноўскага, які ваюе. Але з іншага боку большасць грамадства ў Беларусі кажа, што іх б’юць, што іх саджаюць у турмы, але ўкраінцаў забіваюць. Украінцы не могуць гэтага зразумець, бо ўкраінцы перажылі дзве рэвалюцыі, іх таксама білі, таксама саджалі ў турмы, але яны хацелі быць вольнымі і яны не паддаваліся. Гэта вайна з’яўляецца вынікам імкнення ўкраінцаў да свабоды, да дэмакратыі. Яны гэтаю дэмакратыю адстаяць. Увесь цывілізаваны свет пабачыў, якой з’яўляецца Расея, а таксама пабачыў, якім з’яўляецца Лукашэнка. Увесь цывілізаваны свет бачыць, як моцна гэта адбілася на беларускім грамадстве. На беларускай супольнасці вялікая, магчыма не чорная, але шэрая пляма. Ім трэба будзе за гэта ўсё разлічвацца.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя