„аКсяродак”: новае месца для беларусаў Батумі
У грузінскім Батумі з’явілася беларуская прастора пад назвай „аКсяродак”. 25-га верасня, калі прастора адчыніла свае дзверы для наведнікаў, было прадстаўлена каля дзясятка розных ініцыятыў: прэзентацыя адукацыйнага праекту „Human_PHYSICS/Чалавечая_ФІЗІКА”, прэзентацыя навігатарскага падыходу ў адукацыі падлеткаў, прэзентацыя паўсядзённых кулінарных курсаў для дзяцей і падлеткаў „Смачная навука” ды шмат іншага.

Пра плюсы і мінусы падчас адкрыцця прасторы кажа яе стваральніца Аксана Акуневіч:
– Людзі ў выніку дайшлі, хвалявалася, што людзі не дойдуць і мы будзем сам-насам. Дзеці вельмі задаволеныя майстар-класамі, заняткамі. На жаль з таго, што мяне моцна расчаравала, або прымусіла мяне пасумаваць, што людзей было менш, чым я спадзявалася.

Па словах беларусаў, што прыйшлі на адкрыццё, было цікава даведацца пра ініцыятывы:
– Мне спадабалася, што беларусы актыўныя. Нягледзячы на вымушаную эміграцыю людзі стараюцца сустракацца, трымацца разам і прасоўваць беларушчыну за мяжой.
– Вельмі файна, вельмі цікавае месца. Вельмі прыемна, што беларусы могуць пабачыць адзін аднаго. Беларусаў у Батумі зараз вельмі шмат, а цяпер мы можам збірацца ў адным месцы.
Цягам бліжэйшага тыдня ў прасторы будуць адбывацца прагляды фільмаў па-беларуску, наведнікі будуць гуляць у настолкі для дарослых і дзетак, плануецца аднавіць „Спеўны сход” у Батумі, які ў жніўні 2022 году сыходзіў у адпачынак. Сачыць за заняткамі батумскай прасторы „аКсяродак” можна ў адмыслова створаным тэлеграм-канале.


Беларускае Радыё Рацыя
