Акт вандалізму на Падляшшы
Невядомыя пашкодзілі помнік прысвечаны забітым жыхарам вёскі Вітава ў гміне Дубічы Царкоўныя.
Дошка на помніку была запэцканая. Помнік усталяваны ў гонар загінулых у 1945 годзе сябраў Польскай рабочай партыі падпольнымі атрадамі Зыгмунта Шэндзеляжа.
Паводле сакратара гміны Дубічы Царкоўныя Міколы Лаўрыновіча, невядома калі гэта было зроблена:
– Жыхары Вітава паведамілі, што быў апаганены помнік – шыльда была замазана клеем, які ўжо не атрымаецца адчысціць. Жыхары вельмі раззлаваныя, улады гміны таксама гэтым занепакоены. Дагэтуль усё было добра, а цяпер хтосьці пачыў уводзіць на нашай тэрыторыі свае парадкі.
Як дадае Мікола Лаўрыновіч, пра акт вандалізму жыхары Вітава ў паліцыю не паведамлялі. Помнік знаходзіцца на прыватнай тэрыторыі і рашэнне пра гэта належыць уласніку.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя