Акцыі пратэсту ў Кіеве



Перад парламенцкімі выбарамі ва Украіне, Кіеў зноў становіцца неспакойным. Адразу некалькі акцый пратэстаў прайшлі ў сталіцы на гэтым тыдні. Назіральнікі кажуць, што гэта былі самыя масавыя акцыі з часоў Еўрамайдану. На гэты раз пратэсты тычыліся ўзброенага канфлікту на ўсходзе краіны, якія не перапыняюцца па сёняшні дзень, нягледзячы на перамір’е. У Кіеве знаходзіцца нашая спецыяльная карэспандэнтка Вольга Чарных:

– Сваю незадаволенасць на вуліцах выказваюць усе: ад прадпрымальнікаў да вайскоўцаў.

Удзельнік акцыі пратэсту ў Кіеве Алег:

– Людзі выходзяць, выказваюць сваё меркаванне, кожны па-свойму, але вы бачыце, што дэмакратыя звужваецца да мінімума. Гляньце, што адбываецца з нашай краінай, цягам апошніх шасці месяцаў сітуацыя пагаршаецца. На ўсходзе краіны частка тэрыторыі будзе фактычна непадкантрольна нашым органам улады.

Камандзір добраахвотніцкага батальёну “Святая Марыя” Аціла:

– Перамір’е – паняцце адноснае. Адбываюцца сутычкі, перастрэлкі, не шырокамаштабныя, але ўсё роўна, яны адбываюцца.

Баец Нацыянальнай Гвардыі Андрэй:

– Трэба, каб перамір’е прадоўжылася і прывяло да таго, каб за гэты час палітыкі прыклалі максімум намаганняў і наладзілі стасункі адзін з адным.

Парламенцкія выбары ва Украіне прызначаныя на 26-га кастрычніка. Паводле экспертаў, гэта будуць самыя масавыя выбары за ўсю гісторыю незалежнай краіны па колькасці кандыдатаў. Свае кандыдатуры вылучылі не толькі палітыкі і грамадскія дзеячы, але вайсковыя актывісты і прадстаўнікі добраахвотных батальёнаў.

Вольга Чарных, Беларускае Радыё Рацыя, Кіеў

Фота kp.ua