У Польшчы прайшлі акцыі салідарнасці з Беларуссю



Некалькі дзясяткаў беларусаў паказалі сваю салідарнасць і далучыліся да акцыі ў Гданьску.

Яны выказалі сваю падтрымку палітзняволеным, а таксама прадэманстравалі сваю нязгоду з дзеяннямі кіруючага рэжыму, — распавяла ўдзельніца мерапрыемства Анжаліка Камбалава:

– На жаль, я зараз не дома, а ў Польшчы. Я тут працую, я не з’ехала назусім. Таму ў мяне не так шмат магчымасцяў падтрымаць. Таму прыняла ўдзел у акцыі салідарнасці, якая была тут недалёка ад мяне. Мне было вельмі цікава пазнаёміцца з жыхарамі Гданьска, ну, не толькі Гданьска. Там былі беларусы, якія ў Польшчы вучацца, працуюць. І нас сабралася не так мала.

Гданьск. Фота з Фэйсбука “Рада БНР”.

Таксама цягам апошніх дзён акцыі салідарнасці прайшлі ў Варшаве, Беластоку, Познані, Шчэціне ды Кракаве.

У Шчэціне гэта ўжо 3-яя акцыя салідарнасці з Беларуссю. У акцыі ўзялі ўдзел пару дзясяткаў чалавек. Ужо традыцыйнае шэсце прайшло цэнтральнымі вуліцамі гораду.

Шчэцін. Фота Алега Мамонькі.

У Познані таксама прайшла 3-яя чарговая беларуская акцыя, у якой бралі ўдзел каля сотні чалавек. Ад самага пачатку прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі познаньскія беларусы ладзяць шэсці салідарнасці. Таксама былі зладжаны акцыі “Лісты Салідарнасці для Беларусі”, дзе кожны мог напісаць палітвязню.

Познань. Фота Ксеніі Тарасевіч.

Беларускае Радыё Рацыя