Акцыя беларускай дыяспары Беластока “Разам супраць расейскай агрэсіі”
24-га лютага беларуская дыяспара Беластока арганізуе вялікую акцыю, прымеркаваную да першай гадавіны з дня ўварвання Расеі ва Украіну.
Паразмаўляем пра гэта з “Госцем Рацыі” – Янам Абадоўскім – актывістам беларускай дыяспары Беластока.
Ян Абадоўскі: 24-га лютага а 18-й гадзіне каля помніка Пілсудскаму ў цэнтры Беластока беларуская дыяспара арганізоўвае акцыю пад назвай “Разам супраць расейскай агрэсіі”. Мы запрашаем на нашую акцыю ўсіх жыхароў Беластока – беларусаў, украінцаў, палякаў, каб паказаць нашу салідарнасць з народам Украіны. І запратэставаць супраць вайны, якая пачалася год таму.
РР: У гэтай вайне задзейнічана таксама і Беларусь. Можа не непасрэдны гэты ўдзел, але ўскосна – так, даволі шчыльна ўлады Беларусі супрацоўнічаюць з Крамлём.
Ян Абадоўскі: Мы хочам паказаць 24-га лютага, што гэта рэжым Лукашэнкі прымае ўдзел у расейскай агрэсіі ва Украіне. Вольныя беларусы, якія тысячамі знаходзяцца зараз за межамі краіны і, на жаль, тысячы беларусаў, якія не могуць выйсці на такія дэманстрацыі ў Беларусі, яны пратэстуюць супраць вайны. Беларускія добраахвотнікі змагаюцца разам з украінцамі супраць расейскай агрэсіі. І таму менавіта беларуская дыяспара Беластока вырашыла зрабіць гэтую акцыю і паказаць, што тыя беларусы, якія знаходзяцца за мяжой, якія тысячамі ўцяклі са свайго краю, таму што ў Беларусі зараз вялікія рэпрэсіі, салідарныя з народам Украіны, і яшчэ раз выказвацца супраць расейскай агрэсіі.
РР: Ці ёсць у вас інфармацыя, якое стаўленне маладых хлопцаў, мужчын-беларусаў, да вайны ва Украіне і як яны бачаць сваё месца ў гэтай вайне?
Ян Абадоўскі: Тая інфармацыя, якая даходзіць да нас, сведчыць пра тое, што беларусы не хочуць ваяваць супраць Украіны. Увогуле не хочуць прымаць ніякіх дзеянняў у вайне супраць Украіны. Шмат людзей пазбягаюць гэтых павестак, якія прыходзяць зараз па ўсё краіне. Шмат людзей хаваецца, шмат выязджае за межы краіны. І трэба разумець, што сёння сітуацыя такая, што мы не ведаем, калі пачнецца новая атака РФ на Украіну. Ёсць розная інфармацыя, у тым ліку, што агрэсія можа пачацца і з тэрыторыі Беларусі ў тым ліку і пры ўдзеле войскаў Беларусі. Таму гэта можа быць такім трыгерам, які зробіць так, што наша краіна ў канцы канцоў вызваліцца ад рэжыму Лукашэнкі.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя