Беларусы Польшчы: Мы дакладна будзем абцяжарваць рух ля мяжы (абнаўляецца)
Беларусы Польшчы сабраліся на польска-беларускай мяжы ў Баброўніках, каб заклікаць Еўразвяз увесці санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.
Важнасць акцыі адзначыў кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка:
– Мы будзем мець гэты намётавы гарадок, мы будзем звяртаць увагу, дзякуй, што прэса нас падтрымлівае. І вы пра гэта будзеце расказваць. Нам вельмі важна, каб гэтыя сігналы дайшлі да Менска. І мы ведаем, што рэжым ужо спалохаўся. Ужо была інфармацыя, што яны абмяркоўвалі на закрытых нарадах тэматыку, звязаную з блакадай пагранічных пераходаў. Гэтыя словы пачуе беларускае грамадства, што таксама дыяспара, якая вымушаная была з’ехаць з Беларусі, таксама разам з беларусамі і гатова змагацца.
Намер перакрыць трасу ля памежнага пункту “Баброўнікі” пацвердзіла каардынатар Народнага антыкрызіснага кіравання Алена Жываглот:
– Так, будзем выходзіць на трасу. Пакуль вось не пачалі, яшчэ не выйшлі. Будзем абцяжарваць рух дакладна. Разлічваю, што будзем блакаваць, будзем глядзець на абставіны. Гэтая акцыя накіраваная на тое, каб звярнуць увагу Еўропы і заклікаць дзейнічаць рашуча і хутка ўводзіць санкцыі. Гэта абсалютна не супраць насельніцтва.
Да акцыі пратэсту беларусаў ля прапускнога пункту «Баброўнікі» можа далучыцца любы ахвочы да 12 чэрвеня ўключна.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
***
У суботу, 5 чэрвеня, дэмакратычныя сілы Беларусі і беларуская дыяспара Польшчы прыехалі на польска-беларускую мяжу ў Баброўніках, каб заклікаць Еўрапейскі звяз хутчэй увесці рашучыя і эфектыўныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Акцыі будуць праходзіць цягам некалькіх дзён.
Кажа кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка:
– Нашы патрабаванні простыя, тэрміновае ўвядзенне санкцый эфектыўных, а не дэкларатыўных санкцый з боку Еўрапейскага Звязу і адкрыццё наземных пунктаў пропуску для грамадзян Беларусі. Мы запрашаем да ўдзелу ўсіх неабыякавых, якія зараз не могуць знаходзіцца ў Беларусі, але хочуць дапамагчы беларусам, якія знаходзяцца ў турмах. Таксама мы запрашаем да ўдзелу артыстаў, каб зрабіць нашу акцыю максімальна яскравай.
Кажа дэпутат Сейма ад „Грамадзянскай платформы” Роберт Тышкевіч:
– Людзі не могуць пабачыць сем’і, не могуць паехаць на вучобу, на працу, гэту нечуваныя рэчы на якія не можа быць нашай згоды. голас Польшчы, голас салідарнасці павінен тут быць выразны. Мы хочам, каб адкрылі беларускую мяжу адкрылі для беларусаў. Маюць поўнае права, каб перамяшчацца, маюць поўнае права карыстацца сваімі свабодамі.
Кажа наша карэспандэнтка Вольга Сямашка:
– У Баброўніках сабралася каля ста чалавек, але адчуваецца, што моладзь задае ўсяму тон. Музычныя выступы, барабаны, плакаты, лозунгі. Зараз пад’ехаў беларускі хор апрануты ў балаклавы. Выйшаў Павел Латушка, які падзякаваў людзям, якія сабраліся, выказаў намер стаяць да канца. Пляцоўку намётавага гарадка перанеслі на новае, гэта бліжэй да лесу. Людзі настроены вельмі сур’ёзна, кажуць няважна дзе жыць, будзем стаяць тры дні, блакуем дарогу.
Роберт Тышкевіч
Сяргей Дылеўскі ставіць пратэставы намёт
У ініцыятараў акцыі ўзніклі непрадбачаныя праблемы. Уладальнік зямлі пры дарозе, дзе былі пастаўлены намёты, выступіў супраць правядзення акцыі на яго прыватнай тэрыторыі. Удзельнікі акцыі закліку да Еўразвязу павінны зараз перанесці намёты праз дарогу бліжэй да лесу.
Акцыя пачалася а 14-й гадзіне польскага часу. А 15-й гадзіне пройдзе прэс-канферэнцыя Паўла Латушкі. Перадае наша журналістка Вольга Сямашка:
– Тут ужо стаіць два намёты, адзін з іх будзе прэс-штабам. На месцы Павел Латушка і раздае першыя каментары наконт акцыі. Плануецца, што стаяць буць тры дні. Калі не будзе ўведзены новы пакет санкцый, то людзі выйдуць на саму трасу, перакрыюць рух з Беларусі ў Польшчу. Большасць аўтамабіляў – гэта цяжкі транспарт. Цяжкавікоў з Беларусі ўвогуле не назіраецца, кіроўцы падтрымліваюць акцыю, уключаюць песню „Перамен!”. Запрашаюцца ўсе жадаючыя, якія могуць паставіць свой намёт. Арганізатары запэўнілі, што будзе прыбіральня, будзе вада, будуць прадукты, будуць музыкі. Будуць выстаўляцца плакаты супраць Лукашэнкі.
фота Вольгі Сямашкі, Беларускае Радыё Рацыя
„Ад суботы пачнуцца мітынгі на беларуска-польскай мяжы”. Пра гэта заявіў Павел Латушка ад імя Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Іх мэта – заклікаць Еўразвяз хутчэй увесці «рашучыя і эфектыўныя санкцыі” супраць рэжыму Лукашэнкі:
– Мы плануем пікетаваць пункты пропуска на беларускай мяжы ў Польшчы. Магчыма гэта будзе і ў іншых краінах-чальцах Еўрапейскага звязу. Мы такім чынам даём выразны сігнал Еўрапейскаму звязу, што мы настойваем на рэальных санкцыйных дзеяннях у адносінах рэжыму, каб спыніць рэпрэсіі. Мы бачым, што маштаб іх пашыраецца. Людзі спрабуюць рабіць суіцыды ўжо падчас судовых паседжанняў. Ну і даць выразны знак нелегітымнай уладзе, што яны павінны адкрыць наземны пункт пропуску для беларускіх грамадзян.
„Не можам чакаць, калі рэжым Лукашэнкі зробіць чарговае злачынства – час пераходзіць да актыўных дзеянняў”, – дадаў палітык. Акцыя ўзгодненая з мясцовымі ўладамі.
Фота t.me/nau_belarus
Беларускае Радыё Рацыя