Акцыя падтрымкі Мікалая Статкевіча ды іншых палітвязняў прайшла ў Вільні
Акцыя была прымеркаваная да трохгадовага зняволення палітыка і адбылася перад офісам Еўракамісіі ў сталіцы Літвы. Гэтая акцыя была арганізаваная партыяй “Народная Грамада” пры падтрымцы іншых беларускіх арганізацый у Вільні.

Як кажа выконваючы абавязкі кіраўніка партыі “Народная Грамада” Яўген Вільскі, асноўная мэта акцыі – нагадаць пра палітзняволеных, якія знаходзяцца за кратамі, і прыцягнуць да гэтай тэмы ўвагу.
– Нагодай з’явілася тое, што спаўняецца тры гады, як знаходзіцца ў зняволенні лідар партыі «Народная Грамада», лідар сацыяльна-палітычнага пратэсту ў краіне, вучоны, войсковец, нязломны змагар за вольную Беларусь Мікалай Віктаравіч Статкевіч.
Пра аднаго з лідараў беларускай дэмакратычнай супольнасці, палітыка Мікалая Статкевіча, ужо 111 дзён адсутнічаюць якія-небудзь звесткі. Рэжым Лукашэнкі яго затрымаў 31 траўня тры гады таму і прысудзіў да 14 гадоў зняволення за быццам бы арганізацыю масавых беспарадкаў. Зняволенне ён адбывае ў глыбоцкай калоніі асобага рэжыму №13.








Беларускае Радыё Рацыя
