Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі ў Кіеве



Ва Украіне, як і ў Беларусі ды іншых гарадах свету, прайшлі акцыі памяці Рамана Бандарэнкі – героя плошчы Перамен. Год таму малады чалавек выйшаў ва ўласны двор паразмаўляць з невядомымі, што зразалі бел-чырвона-белыя стужкі. Там яго збілі, завезлі ў Цэнтральнае РУУС, а затым і ў бальніцу, у якой ад атрыманых траўм хлопец памёр.

“Мы не маглі абмінуць увагай такую дату”, – заўважае арганізатар кіеўскай акцыі Альгерд:

– Ідэя ўзнікла яшчэ на выходных, калі мы праводзілі нашу традыцыйную акцыю ў Кіеве на майдане Незалежнасці. Мы разумелі, што набліжаецца такая дата, калі быў проста забіты не на самой акцыі, не падчас пратэстаў, а менавіта ў мірным двары цынічна і гвалтоўна наш з вамі суайчыннік Раман Бандарэнка. Мы разумелі, што трэба ўшанаваць гэтую дату. Не трэба забываць нашых герояў, трэба памятаць пра кожнага нашага героя, які быў забіты рэжымам.

Летась такая ж акцыя ва Украіне таксама ладзілася. І без перапынку на ноч людзі трымалі варту 45 дзён.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя