Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі адбылася ў Вільні
Акцыя памяці ў гадавіну забойства Рамана Бандарэнкі прайшла ў Вільні насупраць Беларускай амбасады ў Літве.
Сярод удзельнікаў — беларусы, якія вымушаны былі пакінуць самыя розныя гарады сваёй радзімы. Вітальд з Берасця, якога пераследавалі па справе карагодаў, падзяліўся, што дагэтуль не можа супакоіцца з-за смерці Рамана Бандарэнкі:
– Хачу сказаць, няхай трымаецца сям’я. Праўда пераможа. Мы пераможам гэты рэжым. Лукашэнка будзе звергнуты, і Беларусь стане вольнай. Жыве Беларусь!
Алена Маслюкова, праваабарончы цэнтр «Вясна»: – Гэта, канешне, цяжкі час для Беларусі, выпрабавальны час. Але, напэўна, народ наш мусіць праз яго прайсці. І я веру ў тое, што мы выйдзем пераможцамі з гэтага змагання.
У акцыі паўдзельнічала і прэсавая сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна. Яна адзначыла, што смерць Рамана Бандарэнкі — жудасная гісторыя. Але – гэта гісторыя пра чалавека, які выйшаў, каб абараніць сваю годнасць, свой двор і ўсіх нас:
– Ён ведаў, дзеля чаго выходзіў. І я хачу, каб мы таксама ведалі дзеля чаго мы жывем. Усе нашыя, хто зараз за кратамі, а іх шмат, усе яны хочуць ведаць, што гэта было недарма, што гэта было дзеля таго, каб мы перамаглі. І я веру, што гэта будзе. І гэта будзе ўжо хутка. Так, нам зараз трэба прыспешыць тыя перамены, якія мы ўсе так жадаем атрымаць. І як можам мы на гэта працуем.
Раман Бандарэнка жыў у Менску на Плошчы Перамен. Гэта народная назва дворыку, які стаў бадай што самым пратэстным у Менску. 11 лістапада 2020 года Раман Бандарэнка напісаў у чаце свайго дворыка “Я выхажу” – і так і не вярнуўся. На наступныя суткі ўрачы канстатавалі яго смерць з-за гвалтоўнага збіцця.
Беларускае Радыё Рацыя